1658 год. Бітва пад Чавусамі.
У гэтай бітве 14-тысячнае войска казацкага палкоўніка Нячая, які перайшоў на бок Рэчы Паспалітай, сышлося з маскоўскім войскам ваяводаў Казлоўскага і Змеява.
Іван Нячай паходзіў з мсціслаўскай шляхты, зяць Багдана Хмяльніцкага. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы супраць Рэчы Паспалітай 1654 – 1667 гадоў быў на баку першай, абвясціў сябе “палкоўнікам чавускім і новабыхаўскім”. У 1658 годзе Іван Нячай перайшоў на бок Рэчы Паспалітай і пачаў масіраваныя баявыя дзеянні супраць войскаў Маскоўскай дзяржавы, узяўшы пад кантроль Стары і Новы Быхаў, Рослаў, Галоўчын, Барысаў, дэблакаваўшы асаджаны Мсціслаў. Мяшчане Крычава самі паднялі паўстанне супраць акупантаў і перайшлі на бок Нячая.

1837 год. У нямецкім Ахене памёр ураджэнец Шклова Міхаіл Гузікаў.
Беларускі музыка, які распрацаваў уласную мадэль ксілафона.
Удасканаліў беларускі народны інструмент брусочкі, з чаго і атрымаўся сучасны ксілафон.
Гастраляваў з ім у Аўстрыі, Германіі, Бельгіі і Францыі, выконваючы творы Паганіні, Вебера і Гумеля, а таксама беларускія народныя мелодыі.
У 1836 годзе ў Вене выйшла кніга вядомага музыказнаўца Шлёзінгера «Міхаіл Гузікаў і яго інструмент з дрэва і саломы».

 
			