Гараж у Бабруйску стаў месцам вырошчвання канопляў. Але гэтае раслінаводства каштавала яго гаспадару крымінальнай справы з нечакана мяккім прысудам.
Папярэдне бабруйчанін набыў насенне канопляў і, як адзначае Вярхоўныы суд, “незаконна іх пасеяў”. Каб расліны добра раслі, у гаражы былі створаны ўсе ўмовы – мелася дастаткова месца, усталяваны асвятляльныя лямпы, вентылятары, увільгатняльнікі, вымяральнікі вільготнасці і тэмпературы. Акрамя таго, тэмпература рэгулявалася аўтаматычна.
“Абвінавачаны ажыццяўляў паліў раслін, унясенне угнаенняў і неабходны догляд”, – распавядае пра клопаты аб раслінах сайт суда. Намаганні бабруйчаніна далі плён у выглядзе не менш пяці ўзгадаваных раслін. Каноплі раслі б і далей, але 1 верасня 2025 года раслінаводства скончылася праз супрацоўнікаў міліцыі, якія неяк даведаліся аб ім.
У бабруйскім судзе мужчына распавёў, што вырошчваў каноплі для сябе на марыхуану, і нікому збываць яе не намерваўся.
У выніку суд прызначыў яму год “хатняй хіміі”, а ўсё абсталяванне канфіскаваў у даход дзяржавы. Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
 
			