Футбольная каманда "Сож"

У Крычаве з’явілася выданне пра гісторыю мясцовай футбольнай каманды

Спартыўны краязнавец з Крычава Сяргей Пятроў падрыхтаваў і выдаў брашуру, прысвечаную выступленню мясцовай каманды «Сож» ў чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па футболе ў другой лізе.

 “У ёй сабраныя не толькі статыстычныя даныя пра выступленне каманды “Сож”, але і падрабязныя агляды матчаў, падрыхтаваныя журналістамі раённых газет тых мясцін, дзе праходзілі гульні «Сажа». Чытачы змогуць акунуцца ў атмасферу кожнага матчу, а таксама даведацца пра найлепшыя моманты, якія запомніліся гледачам і заўзятарам” распавядае пра новае выданне раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

Адзначым, што для Беларусі гэта адметная падзея, бо рэгіянальным спортам ў нашай краіне займаецца вельмі малая колькасць людзей, а тым больш рыхтуе спецыялізаваныя выданні. У сваю чаргу Сяргей Пятроў вядомы спартыўным краязнаўцам і гісторыкам беларускага футбола як аўтар выданняў “Страницы футбольной истории Кричева” і “Четыре памятных сезона”, якія прысвечаны гісторыі футбола ў Крычаве.