ИК-15 колония могилев показуха

Палітзняволены расказаў пра калгасную паказушнасць з прыкметамі карупцыі ў магілёўскай калоніі

На святкаванне 80-годдзя Перамогі адміністрацыя калоніі №15 у Магілёве загадала зняволеным пабудаваць фанерны танк і самалёт. Пайшлі дажджы і ўсё абвісла – руля ў танка, крыло самалёта, а можа быць і фанабэрыя ў адмінстрацыі вязніцы.

Андрэй Войніч, які адсядзеў пяць гадоў па палітычных артыкулах, у сваім Facebook падзяліўся камічнай гісторыяй з магілёўскай калоніі. “Да святкавання 80-годдзя перамогі ў Другой сусветнай вайне кіраўніцтва ПК-15 вырашыла зрабіць пару інсталяцый: адзін савецкі самалёт і нейкі савецкі танк таго перыяду. Судзячы па ўсім, гэта былі Як і Т-34, прычым у арыгінальным памеры” – распавёў палітвязень.

Паказуха з фанеры і кардону

“Рабілася ўсё з фанеры, усё гэта фарбавалася: кожная гусенічка, колца, прапелер – усё цалкам. Кардон, фанера – усё размалёўвалася, і выдаткавана на гэта было велізарная колькасць рэсурсаў і часу. І стаяла гэта на стадыёне, проста на пяску, амаль так, як на малюнку. І калі ўсё гэта было зроблена, пайшлі дажджы – усё размокла, выглядала як калгас, асабліва абвіслая руля танка і крыло самалёціка.

І ўсё гэта было зроблена ўсяго толькі, як я зразумеў, для таго, каб прыехала нейкая камісія ці госці: паглядзелі на гэта, парадаваліся псеўдаэстэтыцы і з’ехалі. Што можна сказаць на гэты конт? У дадзеным выпадку, як мне здаецца, эстэтыка прыкрываецца звычайнымі пантамі. А дакладней – панты, дастаткова дарагія, але не самыя якасныя, выдаюцца за эстэтыку.

У прынцыпе, на дзвюх мадэлях ваеннай тэхнікі лёгка разгледзець мадэль развіцця і ладу Беларусі.”

“Праз фірму-пракладку і з прэміямі”

У каментарыях да гэтага паста іншыя карыстальнікі соцсеткі падзяліліся сваімі заўвагамі і разважаннямі. Так, карыстальнік з нікам Alexei Kireev узгадаў, што “Там было ж яшчэ шмат чаго. І кулямётны дзот і уселякія дробныя цацкі. А руля ў танка абвісала штотыдзень”. Ён таксама не пагадзіўся, што ўся інсталяцыя атрымалася дарагой – маўляў, грошы былі патрачаны толькі на будаўнічыя матэрыялы, а ўзялі гэтыя грошы ў зняволеных-карупцыянераў. Праца зэкаў, нібыта, пры гэтым была бясплатнай. З ім у сваю чаргу не пагадзілася карыстальніца з нікам Veronika Mishchanka: “Чаму бясплатна? Яны ж справаздачу па працаднях робяць. Там яшчэ сабе і прэміі павыпісвалі, а матэрыялы купілі праз сваю фірму-пракладку і бабкі таксама падзялілі. Мне яшчэ годзе так у 2004 г. расказваў знаёмы, як бізнэс рабіў з магілёўскай і бабруйскай калоніяй. Тамака такія схемы!”

Фота: сімвалічная ілюстрацыя з старонкі Андрэя Войніча на Facebook.