Спасская церковь Могилев

1 лістапада. Дзень у гісторыі. Створана Магілёўская епархія

1632 год. Быў прыняты акт аб стварэньні Магілёўскай праваслаўнай епархіі.

Адзіная ў Рэчы Паспалітай, Магілёўская епархія была створана па ініцыятыве Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы. Акт быў зацверджаны прывілеем караля Уладзіслава IV на каранацыйным сойме 14 сакавіка 1633 года. Новых іерархаў тытулавалі: “біскуп Мсціслаўскі, Аршанскі і Магілёўскі”. Нярэдка ў крыніцах сустракаецца іншая назва епархіі – Беларуская. 

Спачатку Магілёўская епархія з’яўлялася часткай Полацкай. Па каралеўскім прывілеі не былі дакладна акрэслены яе межы. Біскупы павінны былі пражываць у Магілёўскім Спаскім манастыры. Акрамя Спаскай царквы, ім перадаваліся яшчэ чатыры цэрквы ў Магілёве, дзве ў Оршы, адна ў Дзісне, адна ў Полацку, Траецкая і Спаская ў Мсціславе.

Першым біскупам дыяцэзіі стаў былы пробашч Віленскага Свята-Духава манастыра ігумен Іосіф Бобрыковіч-Капет-Анехожскі. 

У 1920-1930 гадах епархіяй кіравалі “абнаўленцы”, якія стварылі ў 1924 годзе Беларускую аўтаномную праваслаўную царкву з цэнтрам у Магілёве. У сярэдзіне 1930-х гадоў яе парафіі перайшлі пад юрысдыкцыю кананічнай Мінскай епархіі.

У 1989 годзе дзейнасць Магілёўскай праваслаўнай епархіі была адноўлена ў межах Магілёўскай вобласці.

Магілёў Спаская царква

1868 год. Нарадзіўся Зміцер Даўгяла. 

Беларускі гісторык, архівіст.

Працаваў у Віцебскім, Віленскім архівах старажытных актавых кніг, загадчыкам Магілёўскага архіва (1921–1925), дырэктарам бібліятэкі Акадэміі навук БССР.

Рэдактар «Запісак Паўночна-Заходняга аддзела Рускага геаграфічнага таварыства». Супрацоўнік Інбелкульта, дацэнт БДУ.

Удзельнік выдання «Гісторыка-юрыдычных матэрыялаў», «Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі», «Археалагічнага зборніка дакументаў», «Гісторыі Беларусі ў дакументах і матэрыялах».

Аўтар прац па гісторыі беларускіх гарадоў і мястэчак.

У 1937 годзе арыштаваны, высланы ў Казахстан, памёр у 1942 годзе.

Даўгяла Зміцер архівіст