Пераезд сям’і з Германіі ў Магілёў адразу стаў нагодай для беларускіх прапагандыстаў асудзіць гнілы Захад і праславіць беларускую “стабільнасць”.
Гісторыя выглядае так: у 2000 годзе сям’я інжынераў Паспелавых з Омска пераехала на сталае месца жыхарства ў Германію і пражыла там чвэрць стагоддзя. Цяпер Паспелавы зноў вырашылі змяніць прапіску і пераехалі ў Магілёў.
Прычыны, з-за якіх было прынята такое рашэнне:
- Паспелавы так і не сталі “сваімі” ў чужой краіне;
- медыцынскае абслугоўванне: у Германіі бясплатны агляд давялося б чакаць месяцамі, у Беларусі – прайшлі за тыдзень;
- высокая якасць прадуктаў: за тры месяцы беларускай дыеты пазногці сталі мацнейшымі;
- хваляваліся за сваяка, які ваяваў у Чырвонай Арміі, трапіў у нямецкі палон і памёр у канцлагеры;
- адмова аўстрыйскіх (не нямецкіх) уладаў у просьбе ўсталяваць фотаздымак сваяка на брацкай магіле: “сям’і адказалі катэгарычна і нават цынічна”.
Байкамі пра моцныя пазногці, перавагу беларускай медыцыны над нямецкай і высокую якасць беларускай прадукцыі ўжо нікога не здзівіш: яны прапісаны ў падлізлівай песні “Бацька”, разам з віламі і яжовымі рукавіцами.
А вось гісторыя з канцлагерам – іншы каленкор. Менавіта аўстрыйскія ўлады збераглі памяць пра сваяка Паспелавых, а ўсталяванне фотаздымка на брацкай магіле гэта толькі жаданне, якое ідзе ўразрэз з аўстрыйскім разуменнем парадку на мемарыяльных комплексах. Незразумела таксама, ці ёсць на той магіле фотаздымкі іншых пахаваных.
Пасля гэтага ў Паспелавых узнік цэлы шквал прэтэнзій да Германіі, якая іх прыняла. Яны раптам зразумелі, што:
- вайна не скончылася;
- на Захадзе ствараюць грамадства спажыўцоў;
- Германія стала актыўна прымаць мігрантаў пасля падзей ва Украіне;
- прыезджыя (такія самыя, як яны) лічаць сябе поўнапраўнымі гаспадарамі;
- яны жылі ў пастаянным страху за сябе і сваіх блізкіх;
- у Беларусі на вуліцах бяспечна, усё пад кантролем.
Зразумела, уся гэтая гісторыя старанна адрэдагаваная беларускімі ідэолагамі – і выразна бачная іх тапорная работа.
Сапраўдную прычыну пераезду Паспелавых мы не даведаемся.
Застаецца толькі статыстыка: з Германіі з’ехала адна сям’я, а жывуць там тысячы беларускіх сем’яў. Яшчэ дзясяткі тысяч мараць з’ехаць туды, нягледзячы на тое, што іх пазногці могуць згубіць беларускую трываласць.
Фота: “Беларусь Сегодня”.