Фермер з-пад Кіраўска за бясцэнак аддае памідоры, жадаючых – процьма

Фермер з вёскі Пархімкавічы Кіраўскага раёна запрасіў купляць у яго памідоры па 1 рублі за кілаграм пры ўмове самазбору. У жадаючых недахопу не было.

Відэа ў TikTok са сваёй прапановай фермер Міхаіл Міхайлюк выклаў каля тыдня таму. Такую нізкую цану ён патлумачыў не толькі самазборам з поля, але і тым, што памідоры па большай частцы зялёныя і бурыя, што называецца «не кандыцыя», ды і ўвогуле, калі іх не збяруць, то таматы проста прападуць, калі ўдараць маразы.

Праз пару дзён у новым відэа ён паказаў памідорнае поле з не менш чым дзясяткам згорбленых людзей, якія збіралі для сябе таматы. “Як вы думаеце, Тыкток працуе?” – задаецца пытаннем фермер.

Ён распавёў выданню Мagilev.by, што за некалькі дзён людзі ўжо купілі каля двух тон памідораў. “З таматам такім можна што заўгодна зрабіць. Людзі бяруць яго на аджыку, на леча, зялёныя, у асноўным, на закваску. На сённяшні дзень (6 лістапада) засталося каля 300 кілаграмаў” – адзначыў фермер.

Пархімкавічы

Паводле яго, у краме памідоры цяпер па 7-8, і нават па 11 рублёў за кіло. “На кірмашы ў Бабруйску мы нядаўна прадавалі па 3-3,50, тамат якасны з цяпліц прапануюць па 8 рублёў. Да таго ж людзі самі выбіраюць тое, што ім падабаецца, прынамсі ў першых пакупнікоў быў добры выбар” – сцвярджае гаспадар.

Нагадаем, што ў верасні ў Краснаполлі мясцовая сям’я вырашыла аддаць выгадаваную бульбу дарма любому, хто прыбярэ яе сваімі сіламі. Жадаюць доўга чакаць не прыйшлося.

Скрыншот з Тыктока mihail_mihauluk