прысуд

У Асіповічах карупцыянера пакаралі штрафам і працай у вольны час

Жыхар Бабруйска амаль два з паловай года краў будматэрыялы з будоўляў, карыстаючыся службовым становішчам. Суд паставіўся да карупцыянера суперлагодна.

Бабруйчанін, займаючы пасаду вытворцы работ прамысловага прадпрыемства, у сілу сваіх службовых абавязкаў арганізоўваў пастаўку будаўнічым аб’ектам матэрыялаў, забяспечваў іх захаванасць і эфектыўнае выкарыстанне, вёў ўлік матэрыяльных каштоўнасцяў.

Адначасова, са снежня 2023 года па красавік 2026 года, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, у працоўны час выкрадаў з тэрыторыі будаўнічых аб’ектаў у Асіповічах і раёне электраабсталяванне, кабельную прадукцыю, мантажныя вырабы, будаўнічыя матэрыялы, інструменты і іншую маёмасць, што належыць прадпрыемству. Агульная сума скрадзенага склала звыш 12 тыс. рублёў, а гэта ўжо буйны памер.

Калі злачынцу злавілі і аддалі пад суд, то там ён ўсё прызнаў, раскаяўся і цалкам кампенсаваў урон.

Фармальна, прызначанае пакаранне нібыта адэкватнае злачынству – чатыры гады зняволення, штраф у 4,5 тыс.рублёў і забарона на пяць гадоў займаць адказныя і кіруючыя пасады. Аднак у рэчаіснасці асноўнае пакаранне – гады зняволення – замянілі на тры гады адтэрміноўкі з абавязкам у вольны ад працы час выканаць грамадска карысныя працы ў аб’ёме 100 гадзін. Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва