Асіповіцкія раённыя ўлады прыехалі пагутарыць у Ялізава. Прыхаваць праблемы не ўдалося нават суправаджаючай гэты выезд мясцовай раёнцы.
У Ялізава награнуў цэлы дэсант чыноўнікаў прычым з самымі галоўнымі з іх у раёне – старшыні райвыканкама Геворга Мелканяна і старшыні райсавета, былога намесніка начальніка Магілёўскага абласнога УУС, Уладзіміра Рыжанкова. Тэмай прыезда была работа Ялізаўскага сельскага выканаўчага камітэта па забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. Нават беручы пад увагу толькі расповед аб чыноўніцкім дэсанце ў раённай газеце “Асіповіцкі край”, бачна, што работа гэтая пакідае жадаць лепшага.
Урачэбная таямніца
Напрыклад, сфера медыцыны. Участковая бальніца ў Ялізаве аб’ядноўвае стацыянар, амбулаторыю агульнай практыкі, а таксама Свіслацкі і Красненскі ФАПы. У штаце на ўвесь участак два лекары, 16 работнікаў сярэдняга медперсаналу і 12 – малодшага. Бальніца абслугоўвае 15 населеных пунктаў, 3 403 чалавекі, у тым ліку 2 366 жыхароў рабочага пасёлка.
Цяпер зазірнем у Дзяржаўныя сацыяльныя стандарты. Дзеючы нарматыў прадугледжвае сумарна аднаго урача агульнай практыкі, які абслугоўвае адначасова дарослае і дзіцячае насельніцтва (а сэнсу трымаць у ялізаўскай бальніцы ўрачоў-спецыялістаў няма) з разліку 1 лекар на 1 300 чалавек. Фармальна, для выканання нарматыву гэтага дастаткова, а вось якімі сіламі абслугоўваць яшчэ 800 чалавек – ужо незразумела. Пры гэтым наяўнасць стацыянара і тэрытарыяльна раз’яднаных населеных пунктаў можа абгрунтоўваць патрэбнасць і ў дадатковым медыцынскім рэсурсе – гэта ўжо варта разлічваць па штатных нарматывах канкрэтных падраздзяленняў, а не толькі па нарматыве «1 лекар на 1 300 жыхароў». А 16 работнікаў сярэдняга медперсаналу і 12 малодшага персаналу не могуць замяніць кваліфікаванага ўрача.
Аднак, згодна мясцовай уладзе, “у цэлым медабслугоўванне насельніцтва арганізавана з улікам аддаленасці пасёлка ад райцэнтра і забяспечвае даступнасць асноўных відаў першаснай медыцынскай дапамогі, дыягностыкі, прафілактычных мерапрыемстваў і стацыянарнага лячэння”. І уся праблема, якую заўважылі чыноўнікі – пытанне асфальтавання пляцоўкі каля ўваходу ў амбулаторыю і пад’езда да яе.
Школьныя “плюсы”
“У Ялізаўскай СШ вучыцца амаль 230 дзяцей, сад наведвае 65 выхаванцаў. На жаль, колькасць навучэнцаў, як і ўсюды, памяншаецца. Але ў гэтым можна ўгледзець таксама некаторыя плюсы: кожнаму дзіцяці надаецца больш увагі”, – такія цікавыя высновы робіць праўладная газета. Пра абагульненне, што ўсюды колькасць навучэнцаў памяншаецца, хочацца запытацца: дзе – “усюды”? Калі браць Беларусь, то гэта амаль праўда, але ёсць і іншыя месцы на зямлі, дзе такой тэндэнцыі няма. А калі браць такі сумнеўны “плюс” як тое, што “кожнаму дзіцяці надаецца больш увагі”, то паўстае пытанне, навошта ўвогуле трэба было ліквідоўваць малакамплектныя школы, бо там было ледзьве не індывідуальнае навучанне?
Акрамя таго, цяпер каля паловы настаўнікаў у ялізаўскай школе – людзі пенсійнага ўзросту. Элементарна школе не хапае педагогаў. Мелканян заклікаў “гадаваць свае кадры”. Хочацца пажадаць поспехаў у гэтай кадрагадоўлі.
Вада і гандаль
Ялізава вядома сваім шклозаводам. У яго нібыта ўсё ідзе вельмі добра – расце вытворчасць, рэалізуюцца інвестпраекты. Аднак гэта слаба адбіваецца на камунальнай сферы раёна. Так, з-за высокага зносу вадаправоных труб нярэдка здараюцца прарывы, што стварае людзям значныя нязручнасці. Толькі ў 2027 годзе плануецца рэканструкцыя вадаправоднай сеткі на вул. Зялёнай – вул. Паркавай працягласцю 770 пагонных метраў.
Пакрысе закрываюцца магазіны ў Ялізаве. У лістападзе 2025 года мы пісалі пра закрыццё крамы райспажыўтаварыства ў мікрараёне Прыгарадны. Цяпер стала вядома пра тое, што закрыліся аб’екты Клічаўскага райспажыўтаварыства – магазін “Прамтавары” і кафэ-бар “Бос”. Аднак чыноўнікі, паводле раёнкі, не пакінулі гэтую праблему без увагі – пытанне прапрацоўваецца. Гэта значыць, варта чакаць новых закрыццяў крам у Ялізаве.
Фотаздымак: “Асіповіцкі край”
