камбікорм

З найлепшага раёна Магілёўшчыны камбікорм вывозілі на электравеласіпедзе

Суд Кіраўскага раёна разгледзеў крымінальную справу работніка сельгаспрадпрыемства, які з чэрвеня па ліпень 2026 года неаднаразова краў камбікорм са склада наймальніка. Схема была ўладкавана так:

  • на складзе ён завышаў звесткі пра тое, колькі корму патрэбна жывёле;
  • у дадатак употай браў корм уласнага памолу гаспадаркі;
  • складаваў здабытае ў невыкарыстоўваемым цялятніку;
  • адтуль вывозіў дадому на электравеласіпедзе;
  • частку скормліваў сваёй жывёле, частку прадаваў знаёмым.

У ліпені, калі справу толькі распачалі, міліцыя паведамляла, што жывёлаводу 44 гады і што пры аглядзе яго дома канфіскавалі больш за пяцьсот кілаграмаў кармавых сумесяў.
Абодва месяцы, чэрвень і ліпень, прыйшліся на кампанію па захаванасці маёмасці ў гаспадарках.
Па раёнах вобласці ў гэты час ездзілі мабільныя групы з прадстаўнікоў Камітэта дзяржкантролю, пракуратуры, УУС аблвыканкама і аблсельгасхарчу, якія правяралі ў тым ліку склады і збожжатокі.
Кіраўскі раён лічыўся пры гэтым сярод выдатнікаў: на 30 ліпеня ён уваходзіў у тройку лідараў вобласці па ўраджайнасці з паказчыкам 43,3 цэнтнера з гектара пры сярэднім па вобласці 29,4.
Паўтоны камбікорму на багажніку веласіпеда за адзін раз не вывезеш. Значыць, месяц запар чалавек ездзіў са склада дадому патроху і рэгулярна.

Як казаў паэт , “мимо ристалищ, капищ, мимо храмов и баров”, міма канторы, міма цялятніка, міма ўсіх, хто ў тыя ж тыдні даваў справаздачы аб захаванасці гаспадарскага дабра.

Фота “Міліцыя Магілёўшчыны”.

← Усе навіны Магілёва