Першы намеснік старшыні праўлення праўладнага Беларускага саюза журналістаў Алёна Радоўская была вельмі здзіўленая наяўнасцю ў сваёй арганізацыі на Магілёўшчыне журналістаў з тэлебачання і радыё.
“Мы вельмі задаволеныя тым, што Магілёўская вобласць прадэманстравала на ўсю краіну вось гэтую згуртаванасць. Таму што Саюз журналістаў першапачаткова быў усё ж такі для газет, для друкаваных СМІ. А цяпер мы бачым гісторыю, калі ўсё больш людзей з тэлебачання, з радыё ўступаюць у саюз. І вось гэтая камунікацыя яна вельмі-вельмі важная. Калі кіраўнікі раённых газет прыязджаюць у эфір ТРК “Магілёў”, калі людзі размаўляюць. І я магу сказаць, што гэта прыклад для ўсёй краіны. Так і трэба далей працягваць” – заявіла Радоўская.
Жанчына, напэўна, зрабіла для сябе сенсацыйнае адкрыццё – яна заўважыла, што ў яе БСЖ з’явіліся прадстаўнікі радыё і тэлебачання. Насамрэч, адбылося гэта яшчэ ў мінулым стагоддзі, але цяперашняе кіраўніцтва праўладнага журналісцкага аб’яднання заўважыла гэта толькі цяпер, і чамусьці толькі наведаўшы Магілёўскую вобласць.
Складаецца ўражанне, што Радоўская жыве не ў 20-х гадах XXI стагоддзя, а дзесьці ў 70-х ХХ-га. Навошта кіраўнікам раёнак прыязджаць у Магілёў, каб адказаць на пытанні такіх жа праўладных журналістаў, калі ёсць маса спосабаў дыстанцыйнай відэакамунікацыі? Мабыць, для Радоўскай яны па нейкіх прычынах невядомыя або маладасяжныя.
Калі такія, мякка кажучы, не самыя прагрэсіўныя людзі абраныя ў кіраўніцтва арганізацыі, то нядзіўна, што Беларускі саюз журналістаў з’яўляецца звычайным клубам лаяльных лукашэнкаўскай уладзе рэтраградаў, а не прафесійнай сучаснай журналісцкай супольнасцю.
Скрыншот: “Беларусь 4 Магілёў”