На думку прапагандыстаў Магілёўскай вобласці, малышы ў дзіцячых садах свядома разважаюць пра сэнс колераў і элементаў дзяржаўных сімвалаў.
Напісаць “ліст пра Беларусь” прапанавалі выхаванцам дашкольных устаноў адукацыі Магілёўшчыны. Гэта сумесны праект генеральнай пракуратуры і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Для правядзення патрыятычнай акцыі “Ліст пра Беларусь” пракурор Касцюковіцкага раёна наведаў Навасаматэвіцкі дзіцячы сад у Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №1.
Дзяцей пастараліся апрануць так, каб пазбегнуць злашчаснага спалучэння белага і чырвонага колераў.
І пайшло-паехала. Пракурор распавёў дзецям пра выкананне законаў, і яны, быццам бы, нешта зразумелі.
А далей адбылося неверагоднае. Як сцвярджаюць прапагандысты-казачнікі, дзеткі чатырох-пяці гадоў “напісалі для аднагодкаў з іншых краін маляўнічае пісьмо пра сваю Радзіму, яе дзяржаўныя і прыродныя сімвалы, гісторыю і традыцыі. Складаючы пасланне, вундэркінды разважалі пра сэнс колераў і элементаў Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба”.
І гэта яшчэ кветачкі. У рамках акцыі пракуратура, акрамя іншага, збіраецца распавесці дзеткам пра расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе жыхароў БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд.
Такія ж акцыі прайшлі і ў іншых райцэнтрах.
Праўда, у Глуску намеснік пракурора, на ўсялякі выпадак, заўважыў, што “пастараўся гаварыць на максімальна даступнай для малышоў мове”.
І гэта правільна. Улічваючы тое, што большасць выпускнікоў акадэміі кіравання ў нас пакуль яшчэ пішуць з граматычнымі памылкамі, а асобныя гісторыкі перакананыя ў тым, што Францыск Скарына жыў на Фантанцы, можна падумаць, што ў дзіцячых садах выхоўваюцца дзеці індыга.
Але ёсць больш рэалістычная версія падзей. Малышы, вядома, нічога не зразумелі з той ахінеі, якую неслі ім дарослыя. Прапагандысты, як заўсёды, зманілі, а ў псеўдапатрыётаў канчаткова з’ехала страхоўка ад уседазволенасці, калі палезлі са сваімі псіхадэлічнымі наратывамі ўжо і ў дзіцячыя сады.
Фота: “Голас Касцюкоўшчыны”.