Вікторыя Гарадзецкая

Галоўны рэдактар слаўгарадскай газеты паказала школьнікам найкарацейшы шлях да ШІ

Галоўрэд слаўгарадскай раёнкі Вікторыя Гарадзецкая, якая пастаянна пазычае ідэі ў нейрасеткі, вучыла дзяцей мысліць самастойна. 

Пра Вікторыю Гарадзецкую, што ўзначаліла газету «Прысожскі край» пасля дзясяткаў гадоў напружанай працы першым сакратаром слаўгарадскай ячэйкі БРСМ, мы распавядалі не раз. Актывістка вядомая тым, што любіць спяваць і ствараць тэксты для газеты, якія на 90 працэнтаў напісаныя чатам GPT. Пасля таго, як mogilev.media некалькі разоў злавілі Гарадэцкую за гэтым заняткам, галоўрэд зайшла з козыраў і закрыла доступ да капіравання старонак ведамаснага сайта газеты «Прысожскі край». Гэты чыста дзіцячы і зусім бескарысны з пункту гледжання карыстальнікаў учынак сведчыць не толькі пра ўзровень ведаў Вікторыі Гарадэцкай у справах камп’ютарных, але і пра тое, што праўладныя СМІ Магілёўшчыны баяцца пільнай увагі незалежнай прэсы да сваіх «цяп-ляп» артыкулаў.

А верная сяброўка штучнага інтэлекта тым часам адправілася да школьнікаў 9 «Б» класа СШ №2 на «інтэрактыўную перазагрузку». Толькі ў адным Гарадзецкая аказалася правай, калі вешала падлеткам лапшу на вушы – “цифровой след, как и печатное слово, остается навсегда”. Што, уласна кажучы, для галоўнай акулы слаўгарадскай журналістыкі, факт вельмі сумны.

Вынік сустрэчы яшчэ раз паказаў, што суровую школу БРСМ Гарадзецкая прайшла не дарма: “ученики 9 «Б» на общем собрании постановили: их класс должен быть обязательно подписан на «РАЙОНКУ»”.

Вынікі свайго дыялогу з навучэнцамі Вікторыя Гарадэцкая неадкладна адлюстравала ў чарговым артыкуле, выдаўшы новы перл, відавочна, абышоўшыся без GPT – “перо журналиста дополняется искренним интересом нового поколения”. Вось такое друкаванае слова, пра якое так і падмывае сказаць некалькімі непрыдатнымі да друку словамі.

Фота раённай газеты «Прысожскі край».