У тэлеграм-канале Магілёўскага аблсуда з’явілася т.зв. “Азбука права”, складальнікі якой маюць патрэбу ў тэрміновым павышэнні кваліфікацыі.
“Сумесны праект Магілёўскага абласнога суда і Магілёўскага гандлёвага каледжа стаў важнай ініцыятывай, якая дазволіла проста і зразумела расказаць аб складаным, зрабіць уклад у павышэнне прававой пісьменнасці насельніцтва і паказаць, што веданне сваіх правоў і абавязкаў – гэта аснова адказнай грамадзянскай супольнасці. Мы сабралі ўсе выпускі “Азбукі права”. Цяпер можна ў любы час ўспомніць, як гэта было, або азнаёміцца з прапушчанымі матэрыяламі” – радасна інфармуе карыстальнікаў Магілёўскі аблсуд. Калі клікаць на кожны пазначаны юрыдычны тэрмін, то трапляеш на паведамленне ў іх тэлеграм-канале з тлумачэннем.
Праўда, калі прыглядзецца да вынкаў сумеснай з гандлёвым каледжам працы Магілёўскага аблсуда, то становіцца сумна. Тое з юрыспрудэнцыі, чаго могуць не ведаць будучыя тавараведы і загадчыкі магазінаў, проста сорамна не ведаць юрыстам галоўнай судовай інстанцыі вобласці.
Тое, што “Азбука” выключна рускамоўная і не прадугледжвае беларускай версіі, гэта, як гаворыцца, палова бяды. Хоць такі момант добра паказвае, якое насамрэч двухмоўе існуе ў Беларусі, і ў прыватнасці, у магілёўскім рэгіёне. Нават тут Магілёўскі аблсуд у сваёй дзейнасці дэманстратыўна грэбуе беларускай мовай.
Але ж і з рускай юрыдычнай тэрміналогіяй супрацоўнікі суда, калі глядзець па гэтай “Азбуцы”, знаёмыя далёка не поўнасцю. Судзіце самі:
- Буква “А” – Апелляционная жалоба
- Буква “Б” – Базовая величина
- Буква “В” – Вина
- Буква “Г” – Государственная пошлина
- Буква “Д” – Доказательства
- Буква “Е” – Единоличное рассмотрение дел
- Буква “З” – Закон
- Буква “И” – Исполнительный лист
- Буква “К” – Конституция
- Буква “Л” – Лишение свободы
- Буква “М” – Медиация
- Буква “Н” – Народный заседатель
- Буква “О” – Ответчик
- Буква “П” – Презумпция невиновности
- Буква “Р” – Решение суда
- Буква “С” – Совещательная комната
- Буква “Т” – Третье лицо
- Буква “Ф” – Фемида
- Буква “Х” – Ходатайство
- Буква “Ч” – Частное обвинение
- Буква “Э” – Эмансипация
- Буква “Ю” – Юридическое лицо
- Буква “Я” – Явка с повинной
Такім чынам, няма літар “Ж”, “У”, “Ц”, “Ш”, “Щ”, з якіх пачынаюцца розныя юрыдычныя тэрміны.
Напрыклад: “Ж” – Жалоба, “У” – Уголовное дело, “Ц” – Цена иска, “Ш” – Штраф, “Щ” – Щадящее наказание. Застаецца толькі здагадвацца, чым складальнікам гэтай непаўнавартаснай “Азбукі права” не спадабаліся гэтыя літары і юрыдычныя тэрміны, якія пачынаюцца на іх.
Напрыканцы свайго радаснага паведамленння аб поўнай калекцыі выпускаў “Азбукі”, Магілёўскі аблсуд паведамляе, што “гэта быў першы сезон праекта нашай “Азбукі права”… Сачыце за навінамі!”. Будзем спадзявацца, што да другога сезона з веданнем юрыдычных тэрмінаў у абласным судзе нешта зменіцца ў лепшы бок.
Фотаздымак: ТГ “Магілёўскі абласны суд”