У Глускім раёне жыхары вёскі Вольніца зрабілі памятнае месца там, дзе калісьці стаяла праваслаўная царква.
Як піша тэлеграм-канал “Мястэчка Глуск”, у самым цэнтры вёскі Вольніца ў 1960-ыя гады, змагаючыся з рэлігіяй, камуністы знішчылі драўляную Пакроўскую царкву, пабудаваную ў 1844 годзе. Бажніца была цэнтрам духоўнага жыцця ўласна Вольніцы і навакольных вёсак.
Расійская імператрыца Марыя Аляксандраўна ў 1861 годзе нават ахвяравала царкве срэбраны крыж і іншыя каштоўныя царкоўныя рэчы.
Тыя, хто знішчаў царкву, не пашкадавалі і прыцаркоўныя могілкі, дзе па традыцыі хавалі, у тым ліку, святароў. Вяскоўцы кажуць, што каля трыццаці пахаванняў было там, хоць да нашых дзён дайшлі прозвішчы толькі сямі святароў. Усе пахаванні былі знішчаны каўшом экскаватара, а месца зарасло пустазеллем і хмызняком.
“Але знайшліся неабыякавыя людзі, якія не далі памяці знікнуць. Адзін з іх – Валянцін Іванавіч Палазняк. Ён расчышчаў царковішча ад хмызняку, знайшоў, выкапаў некалькі старых помнікаў. Яны і сёння стаяць тут на былым царковішчы” – распавядае тэлеграм-канал. А ў 2023 годзе на тым самым месцы, дзе некалі стаяла царква, вяскоўцы паставілі крыж.
Скрыншот: ТГ “Мястэчка Глуск”