БелЭкспа

Магілёў на «БелЭкспа»: у трэндзе – “Трафімава крыніца”

Магілёўшчына згуляла “джокерам” на выставе “БелЭкспа” – выставіла “Трафімаву крыніцу”, нібыта звязаную з дзедам Лукашэнкі.

Шмат цікавых экспанатаў можна было пабачыць на выставе ў міжнародным выставачным цэнтры «БелЭкспа».

Магілёўшчына актыўна ўдзельнічала ў мерапрыемстве і дамаглася “глыбокага пагружэння ў багатую спадчыну, жывыя рамёствы і самабытную атмасферу народных традыцый”.

Сярод галоўных напрамкаў пагружэння – гістарычныя помнікі, што распавядаюць пра слаўнае мінулае рэгіёна.

Мабыць, галоўным экспанатам стаў макет, так званай, “Трафімавай крыніцы”.

Легенду пра дзеда Лукашэнкі, які, прадчуваючы з’яўленне геніяльнага ўнука, добраўпарадкаваў крыніцу, стварылі прапагандысты, выдаліўшы з біяграфіі шклоўскага самародка усе падазроныя факты і дадаўшы новыя. 

А вось стваральнікі макета забяспечылі яго дваістасным надпісам надпісам: “П’еш ваду – памятай пра крыніцу”.

Што яна павінна азначаць – нецяжка здагадацца. Маўляў, не забывай, да чаго дакранаешся.

Але трактаваць гэты заклік можна і словамі Алёнушкі, якая папярэджвае Іванушку пра тое, што той можа стаць казляняткам. І народная мудрасць пра калодзеж, у які плюнуць нельга, але вельмі хочацца, таксама дарэчы.

Фота: “Магілёскія ведамасці”