дармовая праца

Магілёўскіх беспрацоўных прымусілі прыбіраць тэрыторыю дзіцячага садка

Дармовая рабочая сіла беспрацоўных была выкарыстана гэтым разам для ўборкі тэрыторыі дзіцячага садка.

У Кастрычніцкі РАУС Магілёва выклікалі дзве катэгорыі людзей: непрацуючых грамадзян і грамадзян, якія знаходзяцца на разнастайным уліку ў гэтым райаддзеле. Афіцыяльная прычына – правядзенне так званага прафілактычнага мерапрыемства. Для большага пускання пылу ў вочы нават запрасілі прадстаўнікоў з упраўлення па занятасці, Цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі, а таксама ратавальнікаў.

Пагаварыўшы на тэму шкоды алкаголя, беспрацоўных, якія цяпер у Беларусі называюцца незанятымі ў эканоміцы, прымусілі прыбраць тэрыторыю дзіцячага садка. Іх дармовую працу міліцыянты ахарактаразавалі як “аказалі садзейнічанне ДУА «Дзіцячы садок № 47»”. Цікава, што няма інфармацыі аб “садзейнічанні” гэтаму дзіцячаму садку другой групы запрошаных на размову – тых, хто стаіць на розным уліку ў міліцыі. Пэўна, яны папросту пайшлі дадому, не праявіўшы так званую карысную ініцыятыву дармовай працы.

Фотаздымак: mogilev.mvd.gov.by