Гульняманія давяла жыхара Горак да крадзяжоў выручкі з магазіна, дзе прадаўцом працавала яго жонка.
Мужчына чатыры раз краў з магазіна выручку і агульны кошт скрадзенага склаў 12 461,29 рублёў, высветліў суд Горацкага раёна. Прычым адбывалася гэта за даволі кароткі перыяд – з 15 па 19 верасня 2025 года.
Паводле суда, для здзяйснення крадзяжоў гэты мясцовы жыхар пранікаў у службовыя памяшканні магазіна, дзе працавала яго жонка, карыстаючыся даверам яе калег. Непасрэдна грашовыя сродкі здабываў з кабінета адміністратара.
Скрадзеныя грошы мужчына адразу клаў на банкаўскую картку, а потым на рахунак у анлайн-казіно. Праўда, цягам некалькіх дзён заставаўся і без здабытага ў магазіне, бо прайграваўся ўшчэнт.
Судова-псіхіятрычная эспертыза прызнала, што гульняман на момант здзяйснення злачынства цярпеў на паталагічную цягу да азартных гульняў. Разам з тым, мужчына прызнаны свядомым у сваіх учынках і таму панёс крымінальнае пакаранне.
На судзе ён прызнаў сваю віну і дабраахвотна кампенсаваў урон. Суд прызначыў яму пакаранне ў два з паловай гады “хатняй хіміі” без штрафа. Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.
Фотаздымак з адкрытых крыніц