Сяргей Паўлавіцкі

Палітвязень: у Магілёўскай калоніі №15 забаронена вывучэнне замежных моў

Вывучэнне замежных моў праз падручнікі і слоўнікі забаронена ў Магілёўскай калоніі №15, сцвярджае былы палітвязень, прафэсійны перакладчык Сяргей Паўлавіцкі.

“З бібліятэкі вынятыя ўсе выданні на замежных мовах, уключаючы слоўнікі, а тое, што знаходзілася ў прыватным валоданні – бо былі людзі з уласнымі падручнікамі – яны мусілі іх адправіць на склад. Адзіная магчымасць, якая зараз захоўваецца для людзей, якія не маюць прафуліку, гэта значыць не палітзняволеных, гэта навучацца на дыстанцыйных курсах ЕШКА (Еўрапейскай школы карэспандэнцкага навучання)” – распавёў у інтэрвью Радыё Свабодзе выдвараны з Беларусі палітвязень.

Паводле яго, увогуле паступова замежныя мовы выціскаюцца і яны не вітаюцца адміністрацыяй калоніі. У прыватнасці, стасаванне на замежных мовах наогул забароненае. “Стасавацца можна толькі па-беларуску альбо па-руску, а ў іншых выпадках за гэта можа “прыляцець” – кажа Сяргей Паўлавіцкі.

Сяргей Паўлавіцкі быў пакараны трыма гадамі зняволення за тое, што падтрымліваў грашыма дэмакратычныя арганізацыі. Адбываў пакаранне ў калоніі №15. Быў затрыманы ў жніўні 2024 года. Унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Выйшаў на волю праз дэпартацыю з Беларусі 13 снежня 2025 года.

Скрыншот: Радыё “Свабода”