Рытуалка

У Бабруйску ведаюць, адкуль ісці ў апошні шлях

Бабруйская рэклама рытуальных паслуг падобна на чорны гумар з дзіўнымі сцвярджэннямі.

“Апошні шлях пачынаецца тут. У самым цэнтры Бабруйска адкрыты дзве рытуальныя залы”, – гаворыцца ў рэкламным артыкуле мясцовага выдання komkur.info. Такім чынам у Бабруйску стала на два месцы больш, адкуль можна выправіць на той свет нябожчыка. Паводле артыкула, у гэтых рытальных залах можна не толькі развітацца з ім, але і атрымаць увесь комплекс паслуг – абмыванне, апрананне, грыміраванне нябожчыка. Калі нейчага не хапае, то побач крама з рытуальнымі прыналежнасцямі. І ўсё гэта ў цэнтры горада.

Тое, што варта пачынаць адпраўляць ў апошні шлях нябожчыка менавіта з падобных устаноў, у артыкуле тлумачыцца даволі дзіўна. “Традыцыі і культура многіх народаў забараняюць трымаць цела памерлага дома. Не тое што суткі, нават гадзіну. Тлумачэнняў таму мноства: ад містычных да бытавых. Сучасныя рытуальныя абрады атрымалі ў спадчыну старажытныя павер’і”, – гаворыцца там. Праўда, пажадана было, каб былі ўказаныя гэтыя народы, якім уласцівы такія традыцыі, бо ў звычайных беларусаў развітанне з памерлым амаль заўсёды адбывалася менавіта там, дзе ён жыў. Больш таго, лічылася патрэбным, каб цэлую ноч каля яго знаходзіўся хтосьці з блізкіх, якія маглі змяняць адзін аднаго. Але цяпер, відаць, прыходзіць час новых “традыцый”. 

Таму ў Бабруйску ідуць у нагу з часам – у кастрычніку 2026 года абяцаюць адчыніць першы ў райцэнтры калумбарый на 128 ячэек на могілках па вуліцы Крылова.

Фотаздымак: komkur.info

← Усе навіны Магілёва