Лаўрыновіч Аляксандр

«Чалавек года» ў вышуку: хто такі Аляксандр Лаўрыновіч з Магілёва

У лютым 2025 года старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка ўручаў званне «Чалавек года Магілёўшчыны» ў намінацыі «грамадска-палітычная дзейнасць» дваім  – Ігару Марзалюку і Аляксандру Лаўрыновічу, «дэпутату» Магілёўскага гарсавета і дырэктару ТАА «Фестивали бай». Праз чатырнаццаць месяцаў, 10 красавіка 2026 года, МУС абвясціла Лаўрыновіча ў вышук «па артыкуле Крымінальнага кодэкса» – вынікае  з базы SOTA і публікацыі «Зеркала» ад 19 жніўня. Партрэт на абласной Дошцы гонару і картка ў вышуковай базе належаць аднаму чалавеку, і шлях паміж імі ўклаўся ў год. Знаёмімся.

Настаўнік танцаў і ўніверсітэт у сямнаццаць гадоў

Аляксандр Аляксандравіч Лаўрыновіч нарадзіўся 3 сакавіка 1989 года ў Магілёве. З 2007 па 2013 год танцаваў у заслужаным аматарскім калектыве, у 2012-м скончыў універсітэт імя Куляшова па спецыяльнасці «артыст народнага танца, выкладчык», а ў 2013-м ансамбль пад яго кіраўніцтвам атрымаў званне ўзорнага – так напісана  ў яго біяграфіі на сайце Сусветнага альянсу мастацтва і танца WADA. Альянс базуецца ў Маскве, праводзіць «Вальс Победы» ў Стаўрапалі і алімпіяды мастацтваў у Губкіне Белгародскай вобласці, а Лаўрыновіч значыцца ў ім кіраўніком ад Беларусі. На сайце ўласнай кампаніі ён згаданы  як чалавек, які аддаў дванаццаць гадоў сістэме адукацыі Магілёва – то бок школьны педагог, які паралельна ставіў нумары і вазіў дзяцей на конкурсы. У перадвыбарнай праграме 2024 года, размешчанай  на сайце гарвыканкама, біяграфія выкладзена інакш: універсітэт скончаны ўжо ў 2007 годзе, Акадэмія кіравання – у 2012-м, «прайшоў шлях ад настаўніка да дырэктара арганізацыі». 

Універсітэт у васемнаццаць гадоў – гэта, вядома, моцна, але выбарчыя камісіі такія рэчы не правяраюць.

Каманда нумар адзін

З 2016 года Лаўрыновіч арганізуе конкурсы і фестывалі, а яго кампанія Festivali.by называе  сябе «камандай №1 у Беларусі ў сферы правядзення фестываляў». Кліентура ў яе была пераважна дзяржаўная, і за некалькі гадоў фірма вырасла з магілёўскіх дзіцячых конкурсаў у падрадчыка рэспубліканскіх акцый. Сярод праектаў апошніх гадоў:

  • танцавальны батл Dream Dance Fest на «Славянскім базары» ў 2019 годзе  і тэлепраект «Кубак Дружбы», які стартаваў  у Мінску тады ж;
  • шоу АНТ «Звездный путь», дзе Лаўрыновіч з 2022 года  сядзеў у настаўніках;
  • светлавое шоу і феерверк «Марафона единства» ў Брэсце ў снежні 2024 года – дамова  з Брэсцкім аблвыканкамам заключана без конкурсу, з адной крыніцы;
  • рэаліці-шоу «Фабрика блогеров» з Вольгай Бузовай у настаўніках, якое выйшла  у студзені 2025 года: фармат «Дома-2», галасаванне з пахваламі Лукашэнку і рэкламныя ўстаўкі дзяржпрадпрыемстваў Магілёўскай вобласці;
  • «першы ў Беларусі інтэрактыўны серыял» «Зумеры», здымкі якога завяршыліся  у Магілёве 15 снежня 2025 года.

Агульнае ў гэтых праектаў адно: заказчык або партнёр – дзяржава. У інтэрв’ю БелТА пра «Зумераў» генеральны прадзюсар Лаўрыновіч асобна дзякаваў за падтрымку ідэі Анатолю Ісачанку і Міністэрству інфармацыі, адной з пляцовак здымак стала магілёўская школа №46. Да вышуку тады заставалася менш за чатыры месяцы.

Мандат і Дошка гонару

У лютым 2024 года Лаўрыновіч прайшоў  у Магілёўскі гарадскі «савет дэпутатаў» па Чапаеўскай акрузе №17. Праграма абяцала добраўпарадкаванне, падтрымку таленавітай моладзі і захаванне духоўнай спадчыны; слоган – «Толькі разам і толькі наперад». Праз год мандат і фірма далі яму званне «Чалавек года Магілёўшчыны» ў адной намінацыі з гісторыкам Марзалюкам. У лістападзе 2025 года, у ток-шоу СТБ «Да!Но…», «дэпутат» з Магілёва тлумачыў  моладзі, як стаць паспяховай. Да вучобы ў Акадэміі кіравання ён, паводле ўласных слоў, думаў, што «яны там у сталіцы нічога не разумеюць», а пасля першай жа лекцыі зразумеў: «дрэнных кіраўнікоў у нашай краіне не існуе», бо «абсалютна кожны знаходзіцца на сваім месцы, палітыка, у тым ліку кіраўніка дзяржавы, гэта выбарачнае прызначэнне на пасады». Моладзі ён раіў не чакаць, што ёй нехта нешта павінен, а «рваць зямлю пад сабой».

Рваў зямлю так, што цяпер у вышуку

17 сакавіка 2026 года Следчы камітэт забараніў  уладальніку ТАА «Фестивали бай» прадаваць долі ў кампаніі – запіс унесены ў ЕДР, справай займаецца аддзел па Магілёўскай вобласці галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі. 10 красавіка МУС абвясціла Лаўрыновіча ў вышук. Крыніца «Зеркала» кажа пра карупцыйныя артыкулы, суму звыш 200 тысяч рублёў і мерапрыемствы ў Брэсце як падставу прэтэнзій. Маёмасць Лаўрыновіча арыштаваная, а аўтамабілі і нерухомасць прадбачліва афармляліся на сваякоў. Сам Лаўрыновіч, паводле звестак выдання, выехаў з краіны вясной і знаходзіцца ў адной з краін Еўропы. Фірма засталася ў Магілёве: сайт festivali.by адключаны, інстаграм не абнаўляецца з 1 мая, у органах прымусовага выканання – пяць вытворчасцяў. 

Спагнаць грошы праз суд спрабавала і мінскае рэкламнае агенцтва, але пазоў адхілілі. Пярэчанне па сутнасці тут адно, і яно належыць самому Лаўрыновічу. У лістападзе ён сцвярджаў, што ў краіне кожны знаходзіцца на сваім месцы. З красавіка месца Лаўрыновічу спрабуе знайсці МУС.

Фота скрыншот відэа «Фабрика блогеров» .

← Усе навіны Магілёва