Інэса Караткевіч

Знаёмімся з магіляўчанкай Інэсай Караткевіч: з Арменіі ў Белкаапсаюз

Выпускніца МТІ, інжынер-тэхнолаг, Інэса Караткевіч адразу пайшла ў гандаль і стала чыноўніцай аблвыканкама.

Старшыня праўлення Белкаапсаюза Інэса Караткевіч часта мільгае на экранах тэлевізараў, дзе распавядае пра тое, што яе прадпрыемства не ў стане змагацца з новымі веяннямі, але заўсёды гатова абслугоўваць вёску, у якой новымі веяннямі таксама не пахла.

Лукашэнка пастаянна крытыкуе Белкаапсаюз і з такой жа пастаяннасцю яго падтрымлівае – ўспаміны пра сельмаг у вёсцы Александрыя яго ніяк не адпускаюць.

Хто ж такая Інэса Караткевіч, якая ў свае 48 год стала членам урада і кіраўніком лядашчай, але пакуль яшчэ ўплывовай структуры пад назвай Белкаапсаюз?

Інэса Леанідаўна – ўраджэнка Магілёва. У 2000 годзе яна скончыла Магілёўскі тэхналагічны інстытут і атрымала спецыяльнасць інжынер-тэхнолаг. 

Якая менавіта спецыялізацыя ў Караткевіч – у афіцыйнай біяграфіі не ўдакладняецца. А між тым, у тыя гады самай прэстыжнай прафесіяй лічыўся інжынер-тэхнолаг грамадскага харчавання, але інжынерамі-тэхнолагамі былі таксама спецыялісты па кансервах, хлебе і збожжы. Аднак, конкурс менвіта на факультэт грамадскага харчавання быў самым высокім.

У 2007 годзе Інэса Караткевіч скончыла інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў установы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання” па спецыяльнасці эканаміст-таваравед. Гэта – той жа тэхналагічны інстытут, перайменаваны ва ўніверсітэт у 2002 годзе.

А вось працоўную дзейнасць Інеса Леанідаўна пачала ў тым жа 2002 годзе, прычым адразу ва ўпраўленні гандлю аблвыканкама. 

Чаму выпускніцу МТІ, ні дня не прапрацаваўшую на вытворчасці, адразу прынялі ў чыноўнікі дастаткова высокага ўзроўню – незразумела.

Да 2017 года кар’ера Караткевіч фактычна стаяла на месцы – праз 11 гадоў яна дабралася толькі да пасады начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама і прапрацавала на ёй чатыры гады.

Чым тлумачыцца рэзкі ўзлёт 2017-га – яшчэ адна загадка кар’еры Інэсы Леанідаўны. Яна раптам была прызначана намеснікам старшыні праўлення Белкаапсаюза, у 2022 годзе пераведзена на пасаду дарадцы пасольства Рэспублікі Беларусь у Арменіі, а ў  пачатку 2024 года ўзначаліла Белкаапсаюз.

Паколькі гэтае прадпрыемства з’яўляецца формай кааператыўнай уласнасці толькі дэ-юрэ, а дэ-факта прыроўнена да міністэрства, то Караткевіч па сутнасці справы была і застаецца чыноўніцай. А ўлюбёным месцам умяшальніцтва для гандлёвых функцыянераў Беларусі заўсёды быў Белкаапсаюз.

Таму Інэса Караткевіч прымала непасрэдны ўдзел у шматлікіх правальных спробах ажывіць Магілёўскі аблспажыўсаюз. 

Яна выдатна памятае, як крамы гэтай структуры спрабавалі зрабіць вонкава падобнымі на гандлёвыя аб’екты прыватнікаў-сеткавікоў, як прымушалі райпо купляць загадзя непатрэбнае абсталяванне і бескарысныя скідкавыя карты самых розных відаў, як спрабавалі зарабляць на мутных рэкламных кампаніях кшталту “Магілёўскай СПМК” і затрымлівалі за прысваенне маёмасці  прадпрыемства Сяргея Шуркала.

Такім чынам, досвед Інэсы Леанідаўны фактычна абмяжоўваецца веданнем кіруючай і накіроўваючай ролі партыі. Адсюль і частая крытыка з боку Лукашэнкі.

Чакаць ад Караткевіч якіх-небудзь здзяйсненняў, акрамя пазіравання на камеры, не варта. Нават з улікам досведу, набытага ёю ў Арменіі.

Фота: “Беларусь Сегодня”.