У Чавусах сытыя і поўныя здароўя чыноўнікі зладзілі фотасесію з інвалідамі на падставе таго, што “падарылі” ім пральную машыну.
Вяршыні цынізму дасягнула вярхушка чавускай “вертыкалі” разам са старшынёй стратнага Белкаапсаюза Інэсай Караткевіч, зладзіўшы фотасесію з хворымі людзьмі, што пражываюць у пансіянаце “Расінка”.
Там жывуць 19 чалавек, а “слуг народа”, якія пажадалі папіярыцца на дабрачыннасці за бюджэтны кошт, было ўсяго шасцёра. Але затое якіх!
“Паслядоўнікаў” маці Тэрэзы варта назваць па імёнах:
- старшыня праўлення Белкаапсаюза Інэса Караткевіч;
- старшыня Чавускага райвыканкама Дзмітрый Акуліч;
- намеснік старшыні Чавускага райвыканкама Андрэй Верхаводкін;
- намесніца старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Святлана Сцяпанава;
- старшыня праўлення Магілёўскага аблспажыўсаюза Сяргей Любянкоў;
- старшыня праўлення Чавускага райспажыўтаварыства Мікалай Скрынік.
Інэса Караткевіч распавяла пра сваё даўняе сяброўства з жыхарамі пансіяната і ўручыла дырэктару ўстановы сертыфікат на спартыўнае абсталяванне.
Дзмітрый Акуліч “падарыў” пральную машыну, набыtую за бюджэтныя сродкі, а Сяргей Любянкоў – прысмакі і садавіну. Таксама, вядома ж, не з асабістай лядоўні.
Затое фатаграфаваліся сытыя, ззяючыя здароўем і добрым настроем чыноўнікі з такім запалам, быццам ашчаслівілі не толькі “Расінку”, а цэлы падлунны свет.

Кожны кадр, зроблены журналістамі раённай газеты “Іскра” – пастановачны. Начальства старанна рабіла выгляд, што ім цікавыя гісторыі інвалідаў, а тыя, магчыма, і не сумняваліся, што да іх прыехалі сапраўдныя сябры.
Урэшце, калі разважаць філасофскі, то і падножны корм можна назваць найлепшым сябрам каровы.
Фота раённай газеты.