У распараджэнні нашай рэдакцыі апынулася фатаграфія замеру тэмпературы на касцюковіцкім філіяле ААТ «Булачна-кандытарская кампанія „Дамачай“. Тэмпература паветра ў працоўным памяшканні, як сведчыць датчык вымярэння ціску (зверху) і тэмпературы (знізу), склала +6,9 °C.
Прычым фота было зроблена яшчэ да наступлення вадохрышчанскіх халадоў – 13 студзеня. Што робіцца на прадпрыемстве зараз – вядома толькі Богу.
Характэрная асаблівасць такіх заводаў, размешчаных у магілёўскай глыбінцы і якія выкарыстоўваюць тэхналогіі яшчэ савецкага ўзору ў тым, што ўлетку там па-вар’яцку горача, а ўзімку дзіка холадна. Гэта значыць, тэмпература ў цэхах мала чым адрозніваецца ад вулічнай.
Аднак, менавіта касцюковіцкае прадпрыемства, калі верыць водгукам супрацоўнікаў, лідар па стварэнні малапрыдатных для чалавечага арганізма ўмоў працы.
А як жа ахова працы, тэхніка бяспекі? З гэтым, як высвятляецца, усё ў ажуры.
Літаральна днямі галоўны тэхнічны інспектар працы абласной арганізацыі галіновага прафсаюза Наталля Войтава заявіла, што на прадпрыемствах вобласці праходзяць маніторынгі тэмпературнага рэжыму ва ўмовах паніжаных тэмператур і «праведзена тлумачальная работа па павышэнні асабістай адказнасці працуючых за захаванне працоўнай і выканаўчай дысцыпліны».
Выходзіць, усё гэта – проста прыгожыя словы.
Сітуацыя ў Касцюковічах паказвае, што ўладам глыбока напляваць і на тэмпературныя рэжымы, і на забеспячэнне бяспекі працы. Прычым цягнецца ўсё гэта гадамі і дзесяцігоддзямі.
Новая старшыня райвыканкама Наталля Асмалоўская наўрад ці паспела дабрацца да завода, размешчанага ў кіламетры ад адміністрацыйнага будынка райвыканкама.
Судзячы з досведу яе папярэднікаў – і не дабярэцца.
Пра гэты завод можна даведацца толькі з публікацый раённай газеты, якая ў апошні раз удзяляла ўвагу заводу гадоў дзесяць таму і распавядала пра вафлі «Хрусцішка».
Насамрэч сітуацыя выглядае так: філіял даўно не з’яўляецца юрыдычнай асобай, ледзь зводзіць канцы з канцамі, і да людзей, якія там працуюць, нікому няма справы.
Што да інспектара Войтавай і яе аднадумцаў, то яны нешта накшталт іншапланецян: дзесьці існуюць, але навуцы асяроддзе іх пражывання дакладна невядома.
Пры гэтым, загадкавыя істоты праводзяць маніторынгі і нават, калі верыць расповедам відавочцаў, тлумачальную работу. Відавочнае, як кажуць, неверагоднае.
Фото: mogilev.media.