У Крычаве цалкам адрадзілася савецкая хлусня – у раёне ствараецца інфраструктура для расійскай ядзернай зброі, а на жылых будынках малююць муралы аб міры.
“У Крычаве з’явіўся яшчэ адзін мурал у савецкім стылі. На фасадзе нядаўна адрамантаванага дома нумар восем на вуліцы Міру намалявалі мужчыну і жанчыну. На заднім плане мітынг і плакат з надпісам: «Мир – это счастье», – паведамляецца ў акаўнце krichevby у TikTok. Аўтар відэа пытаецца: “А як вам малюнак, крычаўляне?”.
І вось крычаўляне, якія адгукнуліся на пытанне, выказваюць сваё захапленне такім малюнкам. “Прыгажосць”, “Гэта вельмі класна”, “Малюнак – супер, лепей, чым голыя сцены”, “Мне вельмі спадабаўся малюнак. Дзякуй”, – адказваюць яны, пакідаючы пазітыўныя смайлікі і лайкі.
Пры гэтым чамусьці ніхто не ўзгадвае, што тэма малюнка зусім не суадносіцца з рэальнасцю, якая паўстае ў Крычаўскім раёне. А менавіта – стварэнне інфраструктуры для размяшчэнне расійскай ядзернай зброі пад Крычавым і пастаяннай адпраўкай туды грузаў ваеннага прызначэння з Расіі. І менавіта гэта, паводле афіцэра-ракетчыка, былога палітвязня Мікалая Статкевіча, робіць крычаўскія мясціны магчымай цэллю для еўрапейскага ядзернага ўдару ў адказ.
А калі ўлічыць мілітарызацыю свядомасці дзяцей, пачынаючы з дзіцячых садкоў, то мір – гэта зусім не тое, да чаго рыхтуюцца ўлады ў Беларусі.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
