Ліфтмаш

Магілёў паставіў тысячу ліфтоў у Расію, а яны аказаліся бракаванымі

Прынамсі частка з гэтай партыі ліфтоў была пастаўлена на акупаваныя тэрыторыі Украіны. Зараз пачаліся вяртанні пад’ёмнікаў заводу-вытворцы з-за брака.

У магілёўскага “Ліфтмаша” наспяваюць чарговыя праблемы. Крыніцы mogilev.media паведамляюць, што партыя з тысячы ліфтоў, пастаўленых у Расію і ў тым ліку на акупаваныя украінскія тэрыторыі, аказалася бракаванай і цяпер прадпрыемства чакаюць суды і непрыемныя эканамічныя наступствы.

“Магілёўліфтмаш” і “ДНР”

Супрацоўніцтва магілёўскага ліфтавага гіганта з калабаранцкай адміністрацыяй акупаваных тэрыторый фіксуецца пачынаючы з 2023 года. Сяргей Чарткоў, які зараз з’яўляецца старшынёй Магілёўскага гарвыканкама, а ў той час працаваў генеральным дырэктарам “Магілёўліфтмаша”, у жніўні 2023 года падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з кіраўніцтвам так званай ДНР. Яго мэтай была як лакалізацыя зборкі ліфтоў на тэрыторыі ДНР так і прамыя пастаўкі абсталявання.

Вынікам стала пастаўка ліфтоў магілёўскага завода на акупаваныя тэрыторыі і канкрэтна ў Марыупаль. Так, ужо да канца 2023 года ў ДНР чакалі пастаўку з 150 магілёўскіх ліфтоў. Справа, відаць, прайшла паспяхова і мела далейшы працяг, бо ўжо восенню 2025 года  пад’ёмнікі “Магілёўліфтмаша” ўстанаўліваліся на вуліцы 50 год СССР і праспекце Будаўнікоў – паведамляе мясцовы рэсурс MRPL.NEWS. 

Штопраўда, на акупаваных тэрыторыях магілёўскі вытворца сустракаецца з жорсткай канкурэнцыяй. Так, марыупальскі мікрараён “Ленінградскі квартал”, з якога мясцовыя ўлады робяць вітрыну “пацёмкінскага” аднаўлення горада, забяспечваецца кітайскімі ліфтамі. А таксама пастаўку і мантаж ліфтавага абсталявання ў ДНР і канкрэтна ў Марыупаль ажыццяўляе “Шчэрбінскі ліфтабудаўнічы завод”.

Тысяча бракаваных ліфтоў – ужо ідуць вяртанні

Такім чынам, праблемны магілёўскі гігант сутыкаецца з сур’ёзнай канкурэнцыяй нават у такой рызыкоўнай зоне, як нестабільная тэрыторыя анексаваных земляў. Гэтая канкурэнцыя ўжо прывяла да першага гучнага правала “Магілёўліфтмаша” за ўсю яго гісторыю, калі гендырэктар прадпрыемства Руслан Страхар атрымаў па выніках 2025 года вымову за правал з экспартам прадукцыі.

А цяпер на прадпрыемства абрынуўся яшчэ і новы ўдар – партыя з тысячы ліфтоў, пастаўленая ў Расію – як паведамляюць крыніцы mogilev.media – аказалася бракаванай. Завод ужо атрымлівае назад няякасную прадукцыю і прэтэнзіі з боку партнёраў, што вядзе як да эканамічных, так і іміджавых страт.

 

Калі вас цікавіць, што адбываецца з лідарам магілёўскага машынабудавання, чытайце наш ранейшы агляд:

Як складваецца сітуацыя на “Магілёўліфтмашы” – наш вялікі разбор