Пракуратура знайшла масу праблем у сістэме ахове здароўя Магілёўскай вобласці.
Праверка, якую правяла пракуратура Магілёўскай вобласці, паказала: праблемы ў сістэме аховы здароўя рэгіёна носяць не выпадковы, а сістэмны характар. Нягледзячы на заявы пра «станоўчую дынаміку», жыхары вобласці па-ранейшаму сутыкаюцца з недахопам урачоў, доўгім чаканнем медыцынскай дапамогі і адсутнасцю неабходных лекаў.
Адной з самых балючых праблем застаецца кадравы дэфіцыт. Медыцынскія ўстановы Магілёўшчыны недаўкамплектаваныя ўрачамі розных спецыяльнасцяў, што непасрэдна ўплывае на якасць і даступнасць дапамогі. Пры недахопе кадраў нагрузка на наяўных спецыялістаў расце, а пацыенты вымушаныя чакаць прыёму або шукаць дапамогу ў іншых рэгіёнах.
Падчас праверкі пракуроры выявілі больш за 50 парушэнняў пры правядзенні дыспансерызацыі дарослага насельніцтва. Гэта ставіць пад сумнеў эфектыўнасць прафілактычнай медыцыны, якая фармальна лічыцца адным з прыярытэтаў дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя.
Акрамя таго, у медыцынскіх установах Магілёва, Асіповіцкага і Слаўгарадскага раёнаў зафіксаваныя перавышэнні дапушчальных тэрмінаў чакання медыцынскіх паслуг і дыягнастычных даследаванняў. Фактычна гэта азначае, што людзі не могуць своечасова атрымаць неабходную дапамогу.
Асобную заклапочанасць выклікала сітуацыя з вакцынацыяй і лекавым забеспячэннем. Пракуратура выявіла парушэнні пры выкарыстанні вакцын і вядзенні ўліковай дакументацыі па прафілактычных прышчэпках. У шэрагу ўстаноў адсутнічалі абавязковыя лекавыя сродкі, а кантроль за тэрмінамі іх захоўвання ажыццяўляўся фармальна.
Крытычны стан зафіксаваны і ў частцы фельчарска-акушэрскіх пунктаў (ФАП), якія часта з’яўляюцца адзіным месцам атрымання медыцынскай дапамогі для жыхароў вёсак. З больш як 120 правераных ФАПаў у 12 выяўлены парушэнні санітарна-тэхнічнага стану.
Па выніках праверкі пракуратура ўнесла прадстаўленне ў аблвыканкам. Аднак, як паказвае практыка, самі па сабе прадстаўленні не вырашаюць гадамі назапашаныя праблемы — пытанне ў тым, ці прывядуць высновы праверкі да рэальных зменаў у сістэме аховы здароўя рэгіёна.
Фотаздымак: пракуратура Магілёўскай вобласці