Магілёў небяспечны атракцыён

Магілёўскі атракцыён: небяспечнае катанне на вайсковым транспарцёры

Мілітарызацыя ўсё глыбей пранікае ў жыццё беларусаў. Цяпер яна ўвайшла нават у зімовыя забавы.

Плаваючы транспарцёр сярэдні (ПТС) – вайсковая машына, якая прадназначана для фарсіравання водных перашкод з дэсантам на борце. Перамяшчаецца як па сушы, так і па вадзе. У Магілёве гэтай зімой яе сталі выкарыстоўваць для пакатушак моладзі, як у свой час выкарыстоўвалі коней з санямі, толькі з непараўнальна большай хуткасцю.

Відэа з напоўненым хлопцамі і дзяўчатамі адкрытым борце размясціў тэлеграм-канал “Мая краіна Беларусь”. 

“Выглядае гэта як ідэальнае супадзенне парадку дня: учора ты падпісваеш «мэтавую» дамову на прыгон у калгас, сёння цябе катаюць у кузаве шматтоннага жалеза, а заўтра ты ўжо на гэтым самым ПТС-е ратуеш бульбу, якая пачала тануць падчас чарговай анамаліі. На фоне арктычнага марозу і перспектывы застацца без нармальнага інтэрнэту, такія забавы – адзіны спосаб для магілёўскай моладзі адчуць хоць нейкі «драйв», праўда, з пахам саляркі і пад наглядам людзей у форме” – апісвае знятую на відэа прыгоду інтэрнэт-выданне.

“Гэта суровая беларуская рэальнасць, дзе нават «чыл» павінен быць казённым і пажадана ў хакі” – падагульняе “Мая краіна Беларусь”. 

Пытанне – наколькі такі атракцыён бяспечны для непадрыхтаваных людзей, на якіх нават не надзелі каскі — увогуле не стаіць. А пытаннне – ці панеслі б хоць якую адказнасць арганізатары такой забавы, калі б з кімсьці з таго кузава здарыўся няшчасны выпадак – напэўна, нават і задаваць не варта.

Скрыншот ТГ “Мая краіна Беларусь”