Чэрыкаў агра

Дзіравыя вокны і дах на фермах, замёрзлая вада для жывёлы – рэаліі ААТ “Чэрыкаў агра”

Пракуратура знайшла масавыя факты безгаспадарчасці на фермах ААТ “Чэрыкаў агра”.

У памяшканні, дзе ўтрымліваюцца каровы, пракуроры прыйшлі акурат падчас моцных маразоў. І аказалася, што некаторыя фермы неачышчаныя, непрынятыя меры па іх уцяпленні. Так, дах і аконныя праёмы мелі пашкоджанні, вада ў ёмістасці для паення скаціны замёрзла. У корме таксама выяўленыя кавалкі лёду і палімерная плёнка.

Акрамя таго, на прадпрыемстве ігнараваліся патрабаванні да ўтрымання маладняку. У індывідуальных хатках знаходзілася па двое цялятаў ва ўзросце да 90 дзён. Парушаныя таксама патрабаванні аб забароне ўтрымання ў памяшканнях жывёлагадоўчых аб’ектаў іншых відаў жывёлы.

Са стрэх фермаў звісалі агромністыя сасулькі, якія стваралі небяспеку для работнікаў.

Няправільная эксплуатацыя водагаспадарчага збудавання прывяла да таго, што ў воданапорную вежу бескантрольна падавалася вада, пералівалася цераз край і каля адной з ферм уся тэрыторыя пакрылася лёдам.

Пракурор раёна вынес адпаведнае прадпісанне кіраўніцтву гаспадаркі на ліквідацыю парушэнняў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц