рынак аўто

У Магілёве афіцыйна закрыўся аўтарынак

Эпоха аўтарынка на Гомельскай шашы ў Магілёве скончылася. 

Амаль 30 гадоў праіснаваў аўтарынак побач з аўтасэрвісам на Гомельскай шашы. Але ўсяму калісьці прыходзіць канец. У студзені 2026 года гэта здарылася і з аўтарынкам, які пэўна яшчэ доўга будуць помніць магілёўскія аўтатаматары. У свой час там можна было купіць шмат чаго – ад фарбаў для аўтамабіля і дробных дэталяў да бэушных калёсных дыскаў і такіх жа ўжываных дэталяў кузава. 

Як сцвярджае тэлеграм-канал Mogilevnews, ў апошні час аўтарынак пераўтварыўся ў барахолку. А ўладальнікі аўтамабіляў для набыцця неабходных запчастак усё больш аддавалі перавагу пакупкам праз інтэрнэт ці ў спецыялізаваных магазінах. 

А калісьці жыццё на аўтарынку віравала. Прычым не толькі гандлёвае, але і грамадскае. Так, гандляры час ад часу праводзілі забастоўкі з прычыны тых ці іншых парушэнняў іх правоў. Былі там і забастоўкі салідарнасці з іншымі прыватнымі прадпрымальнікамі. 

Цяпер гэта ўсё ў мінулым. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц