п’яныя пешаходы

Магілёўская ДАІ абвесціла паляванне на п’яных пешаходаў

У Магілёўскай вобласці ад 30 студзеня па 2 лютага 2026 года п’яным пешаходам лепей трымацца далей ад праязной часткі.

У гэтыя дні, як паведамляе “Міліцыя Магілёўшчыны”, ажыццяўляюцца меры па прафілактыцы аўтааварый з уразлівымі ўдзельнікамі дарожнага руху. Прычым асаблівая ўвага будзе нададзена пешаходам, якія знаходзяцца на праязной частцы ў стане алкагольнага ап’янення.

“Даная катэгорыя будзе вымацца з дарогі і прыцягвацца да адказнасці ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам”, – гаворыцца ў паведамленні. Праўда, там не тлумачыцца, ці гэта тычыцца тых грамадзян, якія можа не ў зусім цвярозым стане ступілі на праезную частку на пешаходным пераходзе. Ведаючы салдафонскае выкананне ўказанняў начальства міліцыянерамі і жаданне праявіць службовы спрыт, цалкам верагодна, што і такой “катэгорыі” пагражае быць “вынятай з дарогі”.

Дапамагаць “вымаць” нецвярозых з дарогі даішнікі просяць паважаных грамадзян. “Паважаныя грамадзяне, у выпадку выяўлення пешаходаў, якія знаходзяцца ў нецвярозым стане, якія ідуць па праязной частцы і не пазначаныя святлоадбівальнымі элементамі, неадкладна паведамляйце па тэлефоне 102 або ў чат-бот МУС “Мы заўсёды побач”, – заклікае начальнік УДАІ УУС Магілёўскага абвыканкама Аляксей Рыцікаў (на здымку).

Фотаздымак: ТГ “Міліцыя Магілёўшчыны”