Прымусовая праца становіцца нормай у Беларусі, таму беспрацоўных усё часцей прымушаюць працаваць бясплатна.
У Касцюковічах міліцыя прымусіла беспрацоўных мясцовых жыхароў займацца ўборкай снегу. Гэта адбылося пасля чарговага пасяджэння пастаянна дзеючай камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва, якое прайшло ў раённым аддзеле ўнутраных спраў, піша Mayday.
На мерапрыемства выклікалі каля двух дзясяткаў чалавек, якіх улады адносяць да катэгорыі «не занятых у эканоміцы». У сценах РАУС чыноўнікі расказалі ім пра наяўныя ў раёне вакансіі, а таксама папярэдзілі пра магчымую адказнасць за так званыя антыграмадскія паводзіны.
Пасля афіцыйнай часткі супрацоўнікі міліцыі вырашылі «ўцягнуць падуліковых грамадзян у грамадска карысную працу». Каля пяці мужчын, якія стаяць на ўліку ў міліцыі, былі накіраваныя на ўборку снегу з тратуараў каля новабудоўляў у мікрараёне арэнднага жылля. У гэтых дамах пражываюць самі сілавікі, работнікі сістэмы аховы здароўя і маладыя спецыялісты.
Пры гэтым пра аплату працы або добраахвотны характар такой «дапамогі» гаворка не ішла.
Нагадаем, што ў снежні 2025 года магілёўскіх беспрацоўных прымусілі прыбіраць тэрыторыю дзіцячага садка.
Фотаздымак: Mayday