Адсунуўшы абарону правоў чалавека на задні план, праўладныя прафсаюзы пачалі вучыць “абараняць Радзіму”.
У Магілёўскім каледжы будаўніцтва імя Старавойтава прафсаюзы правялі так званую дыялогавую пляцоўку, пра што паведамляе іх тэлеграм-канал. Тэмай гэтай пляцоўкі сталі не магчымыя парушэнні правоў будучых будаўнікоў пры паступленні на працу, і не спосабы барацьбы за працоўныя правы. У цэнтры ўвагі была служба і патрыятызм.
“Задача прафсаюза – не толькі абараняць працоўныя правы, але і выхоўваць, дапамагаць маладым людзям свядома падрыхтавацца да абароны Радзімы», – адзначыў старшыня абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў будаўніцтва Аляксандр Лісоўскі.
Зразумела, што весці такую падрыхтоўку без вайскоўцаў у цяперашняй Беларусі вельмі цяжка. Таму свае здольнасці будучым прадстаўнікам мірнай прафесіі будаўнікоў паказвалі спецназаўцы з Беларускай асацыяцыі ветэранаў падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння войск МУС “Гонар”, байцы атрада спецыяльнага прызначэння “Гром” пры падтрымцы вайскавой часткі 6713.

Без рытуальнага наведвання мемарыяльнага комплекса “Буйніцкае поле” і Музея славы Магілёўшчыны пры такой мілітарысцкай апрацоўцы будучых будаўнікоў, зразумела, не абыйшлося. Праўладныя прафсаюзнікі абяцаюць рабіць такія “дыялогавыя пляцоўкі” рэгулярнымі.
Фотаздымак: ТГ “Прафсаюзы Магілёўшчыны”