«патрыёт» Шкадаў

Магілёўскі “патрыёт” Шкадаў ужо стаў чалавекам-легендай

Размову аб патрыятызме ў магілёўскай школе вёў Аляксандр Шкадаў, жыццё якога – бляклы ўзор служэння Айчыне.

У СШ №21 Магілёва прайшла сустрэча ў рамках праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”. Тэмай дыялогу стала пытанне аб тым, што значыць быць дастойным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь і ў чым заключаецца гатоўнасць да абароны Радзімы. Галоўны спікер – старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі РГА “Патрыёты Беларусі” Аляксандр Шкадаў. Для яго праблема з тым, як стаць дастойным грамадзянінам, гатовым абараняць Радзіму, ужо лічы вырашана.

Нараджэнне легенды

У публікацыі “Магілёўскіх ведамасцей” Шкадава называюць “чалавекам-легендай, чыё жыццё – ўзор служэння Айчыне”. 

Што вядома аб яго прафесійным шляху, акрамя бягучай пасады ў грамадскім аб’яднанні? 

Толькі тое, што Аляксандр Яўгенавіч быў вядучым спецыялістам аддзела эканамічнай бяспекі, вядучым эканамістам і  выконваючым абавязкі намесніка начальніка ўпраўлення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ААТ “Магілёўхімвалакно”. 

Вядома таксама, што прадпрыемства і дагэтуль з’яўляецца глыбока стратным.

Такім чынам, вялікіх поспехаў Шкадаў там не дамогся і яго працу на ААТ “Магілёўхімвалакно” нельга назваць узорам служэння Айчыне нават з вялікай нацяжкай. 

Ды і згадваўся Аляксандр Шкадаў у публікацыях абласных СМІ не як перадавік вытворчасці, а як ўдзельнік патрыятычных акцый.

Здаецца, што з вытворчасцю хларата натрыю і перакісу вадароду Шкадаў завязаў канчаткова і пачаў займацца патрыятызмам на прафесійным узроўні. 

Так ці інакш, але афіцыйна абласная арганізацыя РГА “Патрыёты Беларусі” зарэгістраваная ў галоўным упраўленні юстыцыі аблвыканкама ў красавіку 2023 года. 

Стаў маральным арыенцірам

З цягам часу і пры такім частым мільганні Шкадава на розных праўладных мерапрыемствах, у тым, што Шкадаў з’яўляецца ўзорам служэння Айчыне ўжо перастануць сумнявацца. А тут яшчэ і фота з Віктарам Лукашэнкам, Мукавозчыкам і Азаронкам у асабістым інстаграм-акаўнце Аляксандра Яўгенавіча не пакідае ніякіх сумневаў у тым, што ён менавіта той, каго “абраў час”. 

У выпадку са Шкадавым не патрабуецца нават указваць адрас фермы па вырошчванні патрыётаў. 

Ты проста ездзіш на аўтапрабегі, заводзіш карысныя знаёмствы, затым рэгіструеш нейкую разнавіднасць саюза “Мяча і арала”, потым цябе прадстаўляюць школьнікам як маральны арыенцір і прыклад для пераймання і… Калі зараз Шкадава ўзнагародзяць медалём “За адвагу на пажары” ніякіх сумневаў у яго адвазе ўжо не будзе.

А што на справе? Хлопец проста зразумеў, што пры цяперашняй свістаплясцы меркаванняў і перакананняў у Беларусі кар’еру зрабіць значна прасцей не ў гарачым цэху, а на рэжымных патрыятычных пачуццях.

Фота – асабісты  акаўнт ў Instagram.