хуткая дапамога

Вадзіцеля “хуткай” пакаралі за экстранны самастойны рамонт машыны

Траўму, а потым і вымову, замененую на заўвагу, атрымаў вадзіцель хуткай меддапамогі, экстранна адрамантаваўшы машыну па дарозе да хворага.

У Магілёўскай вобласці звычайны выклік “хуткай” абярнуўся для вадзіцеля вытворчай траўмай і дысцыплінарным спагнаннем. Па дарозе да пацыента з парушэннем сардэчнага рытму рухавік раптам страціў магутнасць. Каб не губляць час на чаканне другога экіпажа, вадзіцель вырашыў самастойна ліквідаваць няспраўнасць.

Падчас рамонту ён атрымаў рану перадплечча і на два тыдні трапіў на бальнічны. Аднак пасля вяртання на працу атрымаў вымову – за самавольнае выкананне рамонтных работ, якія не ўваходзяць у яго службовыя абавязкі. Паводле інструкцый, рамонт – гэта зона адказнасці слесара, і нават у экстранных сітуацыях вадзіцелю “хуткай” забаронена чыніць машыну самастойна.

Сітуацыю вывучылі ў прафсаюзе. Там пацвердзілі, што фармальна наймальнік дзейнічаў у межах заканадаўства, аднак заклікалі ўлічваць прычыны і мэты ўчынку. Вадзіцель дзейнічаў у інтарэсах пацыента і імкнуўся мінімізаваць час прыбыцця брыгады.

Пасля перамоў адміністрацыя лячэбнай установы перагледзела рашэнне: вымову адмянілі і замянілі на заўвагу. Дадаткова ўстанова правяла пазачарговую праверку ведаў па ахове працы для вадзіцеляў “хуткай”, падкрэсліўшы неабходнасць выразных рэгламентаў для нестандартных сітуацый.

Фотаздымак: mogilev.1prof.by