Начальнік Магілёўскага УУС Ігар Шчарбачэня быў добрым аператыўнікам, але 2020-ы ўсё змяніў: ён прынёс Ігару Уладзіміравічу і генеральскія пагоны, і нядобрую славу ініцыятара здзекаў над палітвязнямі.
Генерал-маёр Ігар Шчарбачэня нядаўна даў інтэрв’ю ІА «Магілёўскія ведамасці», дзе расказаў пра тое, як ідуць справы ў яго ведамстве.
Цікава, што ў інтэрв’ю генерал ні словам не згадаў пра злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці. Ну, а паколькі ў Магілёўскай вобласці яны, не-не, ды і здараюцца, лагічна меркаваць, што Шчарбачэня не хоча закранаць гэтую слізкую тэму.
Мы ж прапануем бліжэй пазнаёміцца з чалавекам, які ў 44 гады стаў генералам і кіруе адной з самых грозных структур Магілёўскай вобласці.
Ігар Шчарбачэня нарадзіўся ў 1976 годзе на Любаншчыне Мінскай вобласці. У 1997 годзе скончыў Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь і пачаў службу аперупаўнаважаным групы крымінальнага вышуку Мінскага РАУС.
З 2001 па 2004 год узначальваў Ждановіцкі аддзел міліцыі УУС Мінскага райвыканкама. Затым быў прызначаны намеснікам начальніка УУС Мінскага райвыканкама, начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі і спецыяльнай міліцыі, а пазней – першым намеснікам начальніка, начальнікам крымінальнай міліцыі.
З 2006 па 2009 год Ігар Шчарбачэня ўзначальваў Смалявіцкі РАУС, а з 2009 па 2018 год кіраваў упраўленнем крымінальнага вышуку УУС Мінскага аблвыканкама.
Па сутнасці, уладальнік медаля «За бездакорную службу» трох ступеняў і вышэйшай узнагароды МУС – корціка, прайшоў усе прыступкі службовай лесвіцы і цалкам заслужана атрымаў генеральскія пагоны ў лютым 2020 года.
Што ж здарылася з бліскучым, без перабольшання, афіцэрам, які займаўся крымінальным вышукам, падчас масавых пратэстаў 2020 года? Што адбылося, калі міліцыянерам давялося рабіць выбар паміж прысягай і абаронай асабістых інтарэсаў чалавека, чыё імя асацыюецца з фразай «часам не да законаў»?
Тут усё проста – Ігар Шчарбачэня выбраў Лукашэнку. І з тых часоў на яго сумленні:
- брутальныя затрыманні і разгоны мірных пратэстоўцаў магілёўскім і бабруйскім АМАПам;
- гвалт і катаванні супраць мірных дэманстрантаў у Ленінскім РАУС Магілёва;
- нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў ІЧУ Магілёва і Бабруйска для затрыманых па палітычных прычынах;
- пераслед журналістаў і праваабаронцаў Магілёва.
Усё змяніла адна фраза, якую Ігар Шчарбачэня вымавіў у адказ на загадзя супрацьзаконныя ўказанні міністра Юрыя Караева, накіраваныя супраць беларусаў, якія патрабавалі сыходу Аляксандра Лукашэнкі, з трэскам прайграўшага выбары.
Генерал Шчарбачэня тады сказаў: “Таварыш міністр, пытанняў няма, задача зразумелая”.
Фота з адкрытых крыніц.