аблвыканкам

Няхай і не сямімільнымі крокамі, але Магілёўшчына ідзе ў светлую будучыню

Час канкрэтных спраў і пустой гаварыльні – у Магілёве ўлады рабілі справаздачу за зробленую працу і будавалі планы на будучыню.

Мінулі тыя баявыя часы, калі «губернатар» Анатоль Ісачанка рубіў з пляча і называў хоць нейкія лічбы, якія сведчылі пра рэальны стан спраў у эканоміцы вобласці, а яго адразу лавілі на слове і патрабавалі тлумачэнняў, якія даводзілася даваць былому галоўнаму эканамісту вобласці Руслану Страхару.

Цяпер выступленні Ісачанкі сталі асцярожнымі, а паказчыкі, агучаныя на ўсю публіку – максімальна абцякальнымі.

На чарговай дваццатай сесіі абласнога савета «дэпутатаў» у пашыраным складзе, якая прайшла ў Магілёве, даклад старшыні аблвыканкама, які хоць і называўся «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці Магілёўскай вобласці за 2025 год», канкрэтнасцю не вызначаўся.

Мабыць, адзінай канкрэтнай лічбай была колькасць медалёў магілёўскіх спартсменаў, заваяваных на чэмпіянатах і першынствах свету і Еўропы.

Пра стратныя прадпрыемствы і правальную сельскую гаспадарку кіраўнік Магілёўшчыны амаль не казаў, а сітуацыю чамусьці параўноўваў з 2020 годам.

Калі шчыра, канспект справаздачы Анатоля Міхайлавіча можна змясціць у некалькіх словах: нешта пабудавана, дзесьці адрамантавана і пра кагосьці паклапаціліся.

А светлую будучыню, якая надыйдзе дзесьці ў 2030-м і прынясе вобласці мільён тон малака і 300 тысяч тон мяса, на хлеб, на жаль, не намажаш.

З вялікай ступенню верагоднасці рабіць справаздачу за гэтую светлую будучыню тады ўжо будзе пераемнік Анатоля Ісачанкі. І, паводле лукашэнкаўскай традыцыі, узяткі з яго будуць гладкія. Як і з кіраўніка «дэпутацкага» корпуса Аляксандра Гарошкіна, які, выслухаўшы даклад старшыні аблвыканкама, заўважыў, што ў будучыню мы ідзём, але ж не сямімільнымі крокамі.

Фота афіцыйнага сайта Магілёўскага аблвыканкама.