КДК Магілёў

У Касцюковічах не вырасцілі ні свіней, ні кароў

Планавыя паказчыкі па вытворчасці буйной рагатай жывёлы і свіней у Касцюковіцкім раёне не былі выкананыя. Можна падумаць, што ў іншых раёнах Магілёўшчыны яны выкананыя.

Пакуль улады Магілёўскай вобласці распавядаюць пра тое, якіх паказчыкаў ім удалося дасягнуць летась, абласны Камітэт дзяржаўнага кантролю развянчвае гэтыя міфы і легенды.

Высветлілася, што ў Касцюковіцкім раёне “ў 2025 годзе не былі дасягнутыя запланаваныя паказчыкі па вытворчасці буйной рагатай жывёлы і свіней, вытворчасці і рэалізацыі малака, сярэднясутачным прывагам свіней, прыплодзе цялят і парасят, а таксама скарацілася пагалоўе буйной рагатай жывёлы”.

Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што такая сітуацыя назіраецца ўжо трыццаць гадоў. Як пісаў Вайновіч, справы ў калгасе ішлі добра, але з кожным годам усё горш і горш.

Наезды на Касцюковіцкі раён выглядаюць не надта абгрунтаванымі. У іншых рэгіёнах Магілёўскай вобласці прарываў у росце пагалоўя свіней і буйной рагатай жывёлы таксама не назіраецца. А з улікам таго, што на нядаўняй нарадзе Лукашэнка адчытаў за падзеж жывёлы нават галоўнага спецыяліста краіны па свіннях Юрыя Караева, у Касцюковічах усё выглядае даволі стабільна.

Дарэчы, на той жа нарадзе «дасталося на арэхі» і Анатолю Ісачанку, які паабяцаў выраўнаваць падзеж тысячы галоў буйной рагатай жывёлы па выніках года.

← Усе навіны Магілёва