У краязнаўчым музеі Касцюковічаў ёсць грамадска-палітычны цэнтр. Адтуль могуць накіраваць у ЛПП або працаўладкаваць.
У грамадска-палітычным цэнтры раённага краязнаўчага музея Касцюковічаў не радзей за адзін раз на месяц праходзяць пасяджэнні савета грамадскага пункта аховы правапарадку – СГПАП.
На іх, акрамя іншага, разглядаюцца паводзіны грамадзян, замешаных у сямейных скандалах, п’янстве і нават курэнні ў ложку ў нецвярозым стане.
На апошнім пасяджэнні гэтага органа СГПАП пахваліўся тым, што адна жыхарка Касцюковічаў закадзіравалася, другая ўладкавалася на працу ў жылкамгас, а два мясцовых жыхары хутка адправяцца ў ЛПП.

Чаму такая спецыфічная камісія засядае ў музеі – незразумела. Да таго ж, мяркуючы па фотаздымках, у грамадска-палітычным цэнтры яшчэ і халодна.
Зрэшты, ёсць верагоднасць, што на здымках не члены камісіі, а грамадзяне з нізкай сацыяльнай адказнасцю, ужо апранутыя і гатовыя паехаць туды, куды іх накіруе СГПАП.

Фота раённай газеты і museums.by.