Бабруйчанка атрымала траўмы ад падзення гурбы снегу з даху

Гурба снегу з даху двухпавярховага будынка па вуліцы Сацыялістычнай у Бабруйску звалілася на галаву жанчыне.

У доме з нячышчаным ад снега даху знаходзіцца аптэка, куды і пайшла 55-гадовая бабруйчанка. Калі жанчына выйшла з яе, ёй на галаву звалілася куча снегу. У выніку пацярпелай спатрэбілася медыцынская дапамога, пасля аказання якой бабруйчанцы было прызначана амбулаторнае лячэнне.

На сайце МНС сцвярджаецца, што месца здарэння было агароджана папераджальнай стужкай. Праўда, не тлумачыцца, якім жа чынам там апынулася пацярпелая жанчына. З чаго вынікае падазрэнне, што тая стужка была абсалютна незаўважнай для пешаходаў, па меншай меры з таго боку, з якога ў небяспечнае месца зайшла бабруйчанка.

“Падзенне снегу і ледзяшоў з дахаў можа прадстаўляць сур’ёзную небяспеку для жыцця і здароўя. Не хадзіце пад стрэхамі, карнізамі, гаўбцамі дамоў і будынкаў. Папярэдзьце аб небяспецы дзяцей! Звяртайце ўвагу на папераджальныя знакі і агароджы”, – заклікаюць ратаўнікі. Звароту да камунальнікаў з патрабаваннем своечасова рабіць бяспечным знаходжанне людзей у цэнтры гораду ў МНС-аўскім паведамленні няма.

Фотаздымак: mogilev.mchs.gov.by