Палітычны блогер Павел Спірын, былі палітзняволены бабруйскай і горацкай калоній, з’ехаў у Літву.
“Усім прывітанне, вось нарэшце я выехаў з Беларусі, цяпер знаходжуся ў Літве. Усім прывітанне, вялікі дзякуй усім за падтрымку, за тое, што ўсе гэтыя гады былі са мной і іншымі людзьмі, якія не паспелі дарабіць тое, што мы павінны былі дарабіць у 2020 годзе, але ўсё наперадзе», – гаворыць Спірын у відэа, размешчаным у тэлеграм-канале грамадскага дзеяча Андрэя Стрыжака.
Экс-палітвязень выйшаў на волю ў канцы снежня 2025 года пасля больш за пяць гадоў пазбаўлення волі. Апошнім месцам яго зняволення была калонія №9 у Горках. Да гэтага большую частку тэрміну Павел Спірын правёў у калоніі №2 у Бабруйску.
Спірын – палітычны блогер, якога ў лютым 2021 года асудзілі да чатырох з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму. Яго затрымалі 9 верасня 2020 года пасля выпуску чарговага відэа. Падчас электаральнай кампаніі 2020-га Спірын заяўляў пра намер стаць кандыдатам у прэзідэнты, але ЦВК не зарэгістраваў яго ініцыятыўную групу. Пасяджэнне камісіі транслявалася ў прамым эфіры. Выступаючы на ім, Спірын рэзка выказваўся пра беларускага дыктатара.
Паводле звестак Праваабарончага цэнтру “Вясна”, вязням бабруйскай калоніі было забаронена размаўляць з Паўлам. За камунікацыю з палітвязнем каралі адпраўкай у штрафны ізалятар. Спірын у калоніі працаваў мыйшчыкам посуду.
Скрыншот: ТГ Андрэя Стрыжака