З’явілася відэа праекта ядзернага магільніка для БелАЭС, які можа быць размешчаны ў Мсціслаўскім раёне.
Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі апублікавала відэа, у якім паказала архітэктурна-планіровачныя рашэнні і канцэпцыі будучай кропкі пахавання радыёактыўных адходаў.
Ядзерны магільнік БелАЭС можа з’явіцца ў вёсцы Навасёлкі пад Хойнікамі на Гомельшчыне, або ў Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці, або ў Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласці. Зараз вядзецца выбар пляцоўкі пад яго ўзвядзенне, піша гомельскі “Флагшток”.
У арганізацыі па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі заяўляюць, што задача – стварыць аб’ект, які гарантуе поўную ізаляцыю радыёактыўных адкідаў ад навакольнага асяроддзя, і што выбраныя рашэнні адпавядаюць самым жорсткім сусветным стандартам бяспекі.
Як адзначае гомельскае выданне, на дадзены момант выклікае пытанні тое, што не названыя базавыя параметры палігона ядзерных адходаў, не паведамляецца, як будуць захоўвацца адходы – на паверхні або на глыбіні, колькі спецыялістаў будзе абслугоўваць аб’ект і дзе іх будуць шукаць – сярод мясцовага насельніцтва, ці гэта будуць прыезджыя работнікі.
Раней афіцыйна было заяўлена толькі тое, што плошча палігона складзе каля аднаго квадратнага кіламетра.
Скрыншот: відаэ ТГ “БелРАО”