дом

У Магілёве знеслі ўнікальны старадаўні будынак

У Магілёве знеслі апошні дарэвалюцыйны дом на гістарычнай Ледзькаўскай вуліцы, якая цяпер цалкам знікла з карты горада.

Пра знос будынка ў Фэйсбуку паведаміў магілёвец Аляксандр Капёнкін. “За 21-й школай знеслі старадаўні асабняк (вул. Сялянская 6), у якім апошнім часам знаходзіліся рэстаўрацыйныя майстэрні Краязнаўчага музея. А да гэтага з 1981 года да канца 1990-х – Музей этнаграфіі. Для сучаснага Магілёва дом быў унікальны, бо заставаўся адзіным у горадзе драўляным домам з вонкавым брандмаўарам-супрацьпажарнай кантавой цаглянай сцяной. Да рэвалюцыі дом напэўна належаў заможнаму гараджаніну, але пасля да канца 1970-х гадоў тут жылі 2-3 сям’і”, – напісаў ён.

Як адзначае тэлеграм-канал “Спадчына”, гістарычная Ледзькаўская вуліца (перайменаваная ў Сялянскую) амаль цалкам страціла сваю аўтэнтычную забудову і трасіроўку яшчэ ў 1930-я гады, калі яе перагарадзілі “сталінкай” па вуліцы Першамайскай. Дом №6 быў апошнім сведкам маштабу і характару гістарычнай забудовы гэтага раёна.

На месцы гістарычнага дом пабудуюць чатырохпавярховы інтэрнат для навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя №3. 

“Трасіроўка гістарычнай Ледзькаўскай (Сялянскай вуліцы) цалкам знікне, бо апошні кавалак асфальтаванай дарогі, які вёў да гэтага дома, знясуць і пераплануюць зусім па-іншаму. Пра тое, каб паказаць трасіроўку страчанай вуліцы хоць бы адрозным брукам, вядома, ніхто нават не задумваўся”, – піша “Спадчына”.

Фотаздымак: Фэйсбук Аляксандра Капёнкіна

← Усе навіны Магілёва