Новыя рэкруты

У сельскіх гаспадарках Магілёўшчыны знайшлі каля 40 кандыдатаў у рэкруты

Ваенкамы паехалі па сельгаспрадпрыемствах Магілёўшчыны ў пошуках нядбайных работнікаў, каб забраць іх у войска.

Прыгоннае права ўсё актыўней уваходзіць у жыццё беларусаў. Калісьці ў часы царскай Расіі ў войска набіралі рэкрутаў з вёсак, і абшчыны часцяком стараліся скіраваць туды тых, ад каго толку ў цяжкай сялянскай працы было мала. 

У лукашэнкаўскай Беларусі набор рэкрутаў адрадзіўся ў нейкай вычварэнскай форме. І гаворка не ідзе пра прызыў на абавязковую вайсковую службу. Забраць на так званыя вайсковыя зборы хочуць тых, хто, па меркаванні мясцовых начальнікаў, не прытрымліваецца дысцыпліны, якой патрабуе беларускі дыктатар. І вось па вёсках Магілёўшчыны паехалі ваенныя камісары ў якасці рэкруцёраў.

У разгар жніва краіне дарагі кожны чалавек, таму традыцыйныя меры пакарання накшталт арыштаў або звальненняў неэфектыўныя. Зараз жа адказнасць будзе вымярацца не штрафамі і вымовамі, а рэальнай перспектывай адправіцца ў акопы”, – распавядаецца ў эфіры СТБ, якое ўзгадвае словы дыктатара пра накіраванне тых, хто “не ўмее” працаваць – у армію і на паўднёвую мяжу.

І як вынік ваенкамаўскіх вандровак па 100 сельгасарганізацыях вобласці – складзены спіс патэнцыйных кандыдатаў з высокімі шанцамі трапіць на ваенныя зборы, у якім ўжо каля 40 чалавек.

“Пагалоска ўжо пайшла, людзі сталі ўжо больш сур’ёзна ставіцца да выканання сваіх абавязкаў. І я скажу так: чым больш арганізацый наведваем, тым колькасць такіх нядбайных грамадзян становіцца ўсё менш і менш”, – сцвярджае ваенны камісар Магілёўскай вобласці Максім Уласаў.

Цікава, што ў тым жа матэрыяле прапагандысцкага тэлеканала распавядаецца пра тое, як шматлікія вайскоўцы дапамагаюць на жніве ў Магілёўскай вобласці. Паўстае пытанне, а навошта беларускай арміі тыя “вясковыя гультаі”, калі і без вялікай колькасці звычайных вайскоўцаў яна зараз выдатна абыходзіцца?

Скрыншот СТБ

← Усе навіны Магілёва