Усё больш зручнасцяў з’яўляецца ў папраўчай калоніі №17 у Шклове, дзе загінулі палітвязні Вітольд Ашурак і Валянцін Штэрмер.
Адміністрацыя калоніі ўсяляк спрабуе схаваць за прыгожым фасадам факты катаванняў, гвалту і здзекаў з палітычных зняволеных. Для старонняга наведвальніка, якімі могуць быць, напрыклад, сваякі асуджаных, яна можа падацца месцам, дзе з павагай ставяцца да людзей.
Так, у калоніі вырашылі істотна павялічыць плошчу вулічнай пляцоўкі для сваякоў, якія наведваюць вязняў. У так званым “дворыку ДС” з’явяцца дадатковая горка для дзяцей, новая альтанка, абяцаюць змантаваць баскетбольныя кольцы і нават паставіць тэнісны стол. Работы па рэканструкцыі ўжо пачаліся і працягнуцца некалькі тыдняў.
Шклоўская калонія №17 па шмат якіх паказчыках лічыцца адной з лепшых у Беларусі. Ацэньшчыкі ігнаруюць галоўную праблему – смерці палітычных зняволеных у ёй. Так, на пачатку 2025 года там памёр, спазнаўшы здзекі і катаванні, палітвязень Валянцін Штэрмер, а 21 траўня 2021 года ў ёй жа загінуў палітычны актывіст Вітольд Ашурак, у памяць аб якім беларускія праваабаронцы абвясцілі 21 траўня Днём палітвязня. Начальнік калоніі Аляксандр Карніенка са жніўня 2023 года знаходзіцца ў санкцыйным спісе Еўразвяза.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
