Магілёвец прадстане перад судом у Клімавічах за нанясенне цяжкіх раненняў нажом выпадковаму мінаку.
У Клімавічах у райсуд накіраваная крымінальная справа супраць 20-гадовага жыхара Магілёва, якога абвінавачваюць у нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў выпадковаму мінаку з хуліганскіх матываў. Інцыдэнт адбыўся ў навагоднюю ноч у цэнтры горада, піша Дзяржкамітэт судовых экспертыз.
Паводле матэрыялаў следства, 48-гадовы жыхар Клімавічаў разам з сям’ёй знаходзіўся ў цэнтры горада, калі да іх раптоўна падбег незнаёмы малады чалавек. Ён паводзіў сябе агрэсіўна і, паводле сведчанняў, заявіў, што «шукае прыгод» і хоча «дакапацца» да прысутных.
Калі мужчына паспрабаваў абараніць сябе і жанчын, якія былі разам з ім, паміж ім і нападнікам узнікла бойка. У нейкі момант малады чалавек дастаў нож і некалькі разоў ударыў ім пацярпелага ў галаву і тулава.
Жанчыны, якія знаходзіліся побач, змаглі збіць нападніка з ног і выклікалі міліцыю і хуткую дапамогу. Падазраванага затрымалі на месцы. Пацярпелага з цяжкімі траўмамі даставілі ў бальніцу.
Судова-медыцынская экспертыза зафіксавала на целе мужчыны адзінаццаць колата-рэзаных ран. Сярод іх – пранізная рана шчакі і пранікальнае раненне жывата з пашкоджаннем унутраных органаў. Паводле экспертаў, гэтыя пашкоджанні адносяцца да цяжкіх, бо ўяўлялі небяспеку для жыцця.
Была праведзена і судова-псіхіятрычная экспертыза нападніка. Яна паказала, што на момант здарэння ён знаходзіўся ў стане псіхічнага расстройства, выкліканага ўжываннем алкаголю. Аднак эксперты прыйшлі да высновы, што ён мог усведамляць характар сваіх дзеянняў і кіраваць імі. Цяпер абвінавачанаму пагражае да 15 гадоў зняволення.
Фотаздымак: sudexpert.gov.by
