Бабруйчанін

Бабруйчаніна асудзілі за захапленне нацыянал-сацыялізмам

Шматдзетны бацька з Бабруйска Вячаслаў Міхалап асуджаны да абмежавання волі па абвінавачванні ў рэабілітацыі нацызму.

Магілёўскі абласны суд асудзіў 38-гадовага жыхара Бабруйска Вячаслава Міхалапа паводле артыкула аб рэабілітацыі нацызму, піша “Наша ніва”. Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, так званую «хімію». Таксама мужчыну ўключылі ў афіцыйны «спіс экстрэмістаў».

Міхалап з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, які займаўся аздабленнем драўляных дамоў. Яго невялікая кампанія, створаная ў 2022 годзе, спецыялізавалася на шліфоўцы, фарбаванні і герметызацыі зрубаў і бруса па тэхналогіі «цёплае шво». У брыгадзе працавалі тры чалавекі. У мужчыны ёсць жонка і трое дзяцей.

Пра затрыманне Міхалапа ў жніўні 2025 года паведамляў Следчы камітэт. У апублікаваным сюжэце сцвярджалася, што яшчэ з падлеткавага ўзросту ён цікавіўся неанацысцкай ідэалогіяй і быў звязаны з субкультурай скінхэдаў. Раней ён таксама меў судзімасць за групавое хуліганства.

Паводле следства, мужчына ўдзельнічаў у ультраправых тэлеграм-чатах і публікаваў каментары, у якіх выказваў сімпатыі да нацыянал-сацыялізму. У паведамленнях ён называў Адольфа Гітлера «вялікім палітыкам» і выкарыстоўваў нацысцкія прывітанні. Менавіта гэтыя публікацыі сталі падставай для крымінальнай справы.

Наколькі сур’ёзна ён выказваў гэтыя погляды і ці змяніў іх да моманту затрымання, дакладна невядома. Але менавіта старыя каментары ў адкрытым тэлеграм-акаўнце былі выкарыстаныя як доказ у судзе.

Міхалапа прызналі вінаватым паводле часткі 1 артыкула 130-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі – «рэабілітацыя нацызму». Пасля прысуду ён адбывае пакаранне.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» не прызнаў яго палітычным зняволеным. На платформе «Дысідэнт.бай» яго справа адзначаная як «патэнцыйны пераслед».

Пры гэтым у беларускім палітычным жыцці ўжо ўзнікалі гучныя скандалы, звязаныя з выказваннямі пра Адольфа Гітлера. У 1995 годзе, у той час яшчэ легітымны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю нямецкаму выданню Handelsblatt казаў, што «Гісторыя Германіі – гэта злепак гісторыі ў нейкай ступені Беларусі на пэўных этапах. У свой час Германія была паднятая з руін дзякуючы вельмі жорсткай улады. <…> І не ўсё толькі было дрэннае звязана ў Германіі з вядомым Адольфам Гітлерам. <…> Бо нямецкі парадак фармаваўся стагоддзямі, і пры Гітлеры гэта фарміраванне дасягнула найвышэйшай кропкі. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменню прэзідэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзідэнта». Гэтыя словы выклікалі міжнародны рэзананс, аднак ніякіх юрыдычных наступстваў для яго тады не было.

На гэтым фоне справа бабруйскага прадпрымальніка выглядае прыкладам таго, як падобныя выказванні могуць мець зусім розныя наступствы ў залежнасці ад таго, хто іх робіць.

Фотаздымак з Інстаграма Вячаслава Міхалапа

← Усе навіны Магілёва