суд

У Крычаўскім раёне брыгадзір фермы прысабечыла 8 тысяч заробку падначаленага

“Хатнюю хімію” атрымала брыгадзір у Крычаўскім раёне, якая некалькі месяцаў атрымлівала заробак і адпускныя непрацуючага работніка.

Крычаўскі райсуд вынес прысуд брыгадзіру малочна-таварнай фермы, якую прызналі вінаватай у сістэматычным прысваенні сродкаў прадпрыемства.

Паводле матэрыялаў справы, жанчына на працягу некалькіх месяцаў у 2024-2025 гадах арганізоўвала афармленне табеляў уліку працоўнага часу на імя жывёлавода, які фактычна не працаваў. Работнік у гэты перыяд знаходзіўся ў Расіі і не выконваў сваіх абавязкаў, аднак яго звальненне не ініцыявалася.

Больш за тое, брыгадзір аформіла ад імя падначаленага заяву на працоўны адпачынак. На падставе гэтага дакумента на банкаўскі рахунак работніка былі пералічаны адпускныя.

Далей жанчына здымала грошы з карты і выкарыстоўвала іх на ўласныя патрэбы. Такім чынам яна незаконна завалодала як заработнай платай, так і адпускнымі супрацоўніка.

Агульная сума шкоды, нанесенай сельскагаспадарчаму прадпрыемству, перавысіла 8 тыс. рублёў. Да суда абвінавачаная цалкам кампенсавала нанесены ўрон.

У ходзе разгляду справы яна прызнала віну і раскаялася. Суд, улічыўшы прадстаўленыя доказы, прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на два гады і шэсць месяцаў без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама штраф і пяцігадовую забарону займаць пасады, звязаныя з матэрыяльнай адказнасцю. Прысуд ужо ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва