Навучальны занятак па выяўленні сярод судовых выканаўцаў “экстрэмізма і тэрарызма” прайшоў ва ўпраўленні прымусовага выканання Магілёўскай вобласці.
Пошукам “ворагаў народа” сярод сваіх калег вучылі прыйшоўшыя ва ўпраленне прадстаўнікі Следчага камітэта і сумнавядомага ГУБАЗіКа. На іх мове, гэта быў занятак па прафілактыцы і супрацьдзеянню экстрэмізма і тэрарызма. Праўда, сутнасць была зусім іншая – паляванне на ведзьм.
“З мэтай фарміравання ўстойлівай жыццёвай пазіцыі і недапушчэння супрацьпраўных паводзін у калектыве праведзена дадатковы навучальны занятак на тэму прафілактыкі падобных праяў” – гаворыцца ў паведамленні блізкага да сілавікоў тэлеграм-канала.
Паколькі занятак быў дадатковы, то напрошваецца вывад, што, відаць, дрэнна шукаюць выканаўцы сярод калег экстрэмістаў і тэрарыстаў. А яны, па логіцы арганізатараў такога навучання, павінны быць. І тое, што пакуль не знайшлі, сведчыць толькі аб нядбайных пошуках.
Магчыма, у хуткім часе мы даведаемся аб тым, каго сярод судовых выканаўцаў прызначаць на ролю ахвярнага казла для ГУБАЗіКа.
Фотаздымак: ТГ “Шосты рэгіён”
