Кіраўнік “дэпутацкага” корпуса Магілёўскай вобласці адгукнуўся на ідэю арганізацыі прытулку для бяздомных жывёл і параіў шукаць спонсараў праз інтэрнэт.
Без дзельнай парады старшыні абласнога савета “дэпутатаў” Аляксандра Гарошкіна ідэя арганізацыі ў Магілёве прытулку для бяздомных жывёл магчыма б заглохла.
Усё здарылася на прыёме грамадзян, праведзеным Гарошкіным. Да яго звярнуліся прадстаўнікі Магілёўскага дабрачыннага аб’яднання «Надзея». Яны папрасілі перадаць пустуючы будынак пад дабрачынны прытулак для бяздомных жывёл.
Мудры “дэпутат” у адказ “рэкамендаваў актыўней выкарыстоўваць магчымасці інтэрнэту і сацыяльных сетак для пошуку валанцёраў і, магчыма, спонсараў”.
Прапагандысцкая сістэма асвятлення дзейнасці прызначаных “дэпутатаў” часта прыводзіць да кур’ёзных сітуацый.
Прыём грамадзян – звычайная руціна і ўсе спробы ператварыць яго ў нешта выдатнае і самаадданае выглядаюць смешна. Вось і выпадак з Гарошкіным і інтэрнэтам можна апісаць усяго толькі адной фразай – без яго ніяк не здагадаліся б.
Фота: “Магілёўскія ведамасці”.
